2016-06-11 12:31:00

Папа прыняў у Ватыкане маладых астраномаў


Пантыфік сустрэўся 11 чэрвеня 2016 г. з наведвальнікамі летніх курсаў, арганізаваных пры Ватыканскай абсерваторыі. Яны прыбылі з розных краін і з’яўляюцца прадстаўнікамі розных культур, і гэта “прыкмета таго, што разнастайнасць можа значна ўзбагаціць навуковыя даследаванні”, “што жаданне зразумець сусвет, Божае стварэнне і наша ўласнае месца ў ім, аб’ядноўваюць людзей самых розных культурных і рэлігійных асаблівасцяў”, - лічыць Францішак.

Ён нагадаў, што папа Леў XIII заснаваў Ватыканскую абсерваторыю роўна 125 гадоў таму, не ў апошнюю чаргу, каб пацвердзіць падтрымку з боку Касцёла сапраўднай і грунтоўнай навукі, і чалавечай, і Боскай. На працягу многіх гадоў, абсерваторыя імкнецца рэалізаваць гэту місію праз выкарыстанне новых прыладаў, і навуковых, і грамадскіх: дыялогу і супрацоўніцтва з іншымі цэнтрамі даследаванняў.

Ужо пятнаццатая па ліку летняя школа прысвечана вывучэнню вады ў Сонечнай сістэме і ў іншых месцах, заўважыў Папа і нагадаў, наколькі вада важная для чалавечага інавання. “Вялікія цывілізацыі паўставалі побач рэк, і ў нашы дні доступ да чыстай вады па-ранейшаму з’яўляецца пытаннем справядлівасці для чалавецтва, для багатых і бедных”, - сказаў Францішак.

Ён паабяцаў маліцца за маладых астраномаў, каб навуковыя даследаванні, часам доўгія і стомныя, былі для іх крыніцай глыбокай радасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.