2016-06-10 13:34:00

Святы Айцец: каб сустрэць Бога, трэба ўмець слухаць


Жыццё хрысціяніна можна прадставіць праз тры асноўныя станы: заставацца “на нагах”, каб прымаць Бога, знаходзіцца “ў пакорлівай цішыні”, каб слухаць Яго слова, і “выходзіць”, каб абвяшчаць Яго праўду іншым. Такую думку выказаў Францішак 10 чэрвеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Папа звярнуўся да вобразу прарока Іллі, пра якога ідзе гаворка ў Першай кнізе Валадарстваў (1 Вал 19, 9а. 11–16). “Пераможца”, які “шмат змагаўся за веру”, ён перасіліў сотні ідалапаклоннікаў на гары Кармэль. Падчас чарговага пераследу, Ілля ўпаў пад дрэвам у чаканні смерці. Менавіта ў гэты момант Бог паслаў да яго анёла з заклікам: уставай, еш, выходзь.

“Каб сустрэць Бога, неабходна вярнуцца ў сітуацыю, у якой знаходзіўся чалавек, калі быў створаны: на нагах, на шяху, - сказаў Пантыфік. - Такімі нас стварыў Бог: згодна са Сваёй веліччу, на Свой вобраз і падабенства, на шляху”. “Выйдзі і стань на гары перад абліччам Пана”, - такім быў заклік Бога да Іллі. І той устаў і пайшоў.

Аднак як распазнаць Бога? Дзе Яго сустрэць? Чытанне Першай кнігі Валадарстваў апавядае, што “пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, (...) але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру”. Францішак патлумачыў, што “неабходна засяродзіцца на самім сабе і пачуць гэтую ніць звонкай цішыні – там прамаўляе Бог”.

Нарэшце, заклік “выходзь!” запрашае нас не зачыняцца ў сваім эгаізме, але з адвагай ісці і прапаведаваць Божае Слова. “Каб сустрэць Бога, мы павінны быць на нагах і ў хадзе”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што вера нам патрэбна, каб ісці і дзяліцца ёю з іншымі, каб выконваць сваю місію.








All the contents on this site are copyrighted ©.