2016-06-09 13:02:00

“Юбілей няпоўнаспраўных” пройдзе ў Ватыкане


У Ватыкане адбудзецца трохдзённая сустрэча людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прымеркаваная да Юбілейнага Году Міласэрнасці. Яна пачнецца 10 чэрвеня 2016 г. пілігрымкай да Святых дзвярэй ватыканскай базылікі. Вечарам таго ж дня ў рымскім касцёле Санта-Марыя-ін-Валічэла да ўдзельнікаў сустрэчы са сваім разважаннем звернецца вядомы ў многіх краінах свету глухі і невідушчы святар – айцец Сірыл Аксельрод.

11 чэрвеня 2016 г. у першай палове дня ўдзельнікі “Юбілею няпоўнаспраўных” пачуюць катэхезы на розных мовах у некалькіх рымскіх касцёлах. Вечарам на тэрыторыі каля Замка св. Анёла для іх будзе арганізавана канцэртная праграма. Тут жа будуць разбіты так званыя “Намёты міласэрнасці”, у якіх прадстаўнікі розных душпастырскіх ініцыятыў і валанцёры падзеляцца досведам евангелізацыі сярод людзей абмежаванымі магчымасцямі і хворых.

12 чэрвеня 2016 г. на ватыканскай плошчы папа Францішак узначаліць св. Імшу. Дапамагаць Пантыфіку у якасці міністрантаў будуць юнакі з сіндромам Дауна і асаблівасцямі псіхічнага развіцця. Будзе служыць глухі дыякан з Германіі. Першае чытанне, на іспанскай мове, прачытае асоба з абмежаванымі магчымасцямі, а другое – на англійскай, нявідушчая дзяўчына. Яна будзе карыстацца шрыфтам Брайля. Усе тэксты будуць перакладацца на Міжнародную жэставую мову. Акрамя таго, упершыню на плошчы св. Пятра, чытанне Евангелля будзе таксама прадстаўлена ў тэатралізаванай форме групай людзей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця, што дазволіць зразумець яго пілігрымам з падобнымі праблемамі.

Падчас св. Імшы на ватыканскай плошчы будзе выстаўлены старажытны цудатворны абраз Маці Божай “Salus infirmorum” (Апякункі хворых).

Пачынаючы з 10 чэрвеня, пры чатырох папскіх базыліках Рыма размесцяцца “Пункты здароўя”, якія прадаставяць магчымасць бедным і бяздомным атрымаць бесплатную медыцынскую дапамогу, прайсці медагляд і вакцынацыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.