2016-06-09 12:50:00

Францішак заклікаў да “здаровага рэалізму”


Пра важнасць “здаровага рэалізму” , якому вучыў Езус, нагадаў папа Францішак 9 чэрвеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Каментуючы евангельскія словы: “Калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 5,20), Францішак заўважыў, што народ быў “крыху разгубленым”, бо “тыя, хто вучыў закону не былі паслядоўнымі” ў сваім “жыццёвым сведчанні”. 

Езус заклікае пераўзысці такое стаўленне і імкнуцца вышэй, нагадваючы пра запаведзь любові да Бога і бліжняга і падкрэсліваючы: “Кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд”. Гэты заклік асабліва актуальныя сёння, калі многія прызвычаіліся класіфікаваць іншых і авалодалі “крэатыўным лексіконам для абражання іншых”. Гэта “грэх”, “забойства”, “аплявуха” для душы брата і яго годнасці, сказаў Святы Айцец.

Па словах Францішка, сведчанні вернікаў, святароў, біскупаў і Папы павінны быць паслядоўнымі, а іх учынкі – адпавядаць словам. У адваротным выпадку ўзнікае “скандал”, які раніць Божы народ і перашкаджае яму расці і развівацца. 

Францішак супрацьставіў “здаровы рэалізм” Хрыста строгасці і ідэалізму кніжнікаў і фарысеяў. “Вельмі часта нельга дасягнуць дасканаласці, але рабіце прынамсі, што можаце – заключыце мір”, - заклікаў Папа і заахвоціў да вызвалення ад празмернай строгасці, якая перашкаджае прымірэнню з бліжнімі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.