2016-06-09 14:30:00

Пантыфік: з хваробай жыццё не павінна траціць колер


Сакральная каштоўнасць жыцця хворага не можа знікнуць або страціць колер; яно павінна заззяць у пакутах большым святлом, лічыць папа Францішак. Ён сустрэўся 8 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане з групай іспанскіх і лацінаамерыканскіх урачоў.

Пантыфік заклікаў медыцынскіх работнікаў памятаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця і не паддавацца спакусам “прыняцця хуткіх і рэзкіх рашэнняў”, кіруючыся “фальшывым спачуваннем” або выключна крытэрыямі эфектыўнасці і эканамічнай выгады. Францішак адзначыў, што ў сённяшнім “тэхналагічным і індывідуалістычным грамадстве” спачуванне недаацэньваецца, паколькі разумеецца як “прыніжэнне” таго, хто яго прымае. Але ёсць і такія асобы, якія, прыкрываючыся спачуваннем, апраўдваюць неабходнасць смерці пацыента.

“Сапраўднае спачуванне”, падкрэсліў Святы Айцец, “не адчужае, не прыніжае і не выключае нікога”, а таксама не лічыць дабром знікненне чалавечай асобы. Калі будзе інакш, мы станем сведкамі “трыумфу эгаізма, “культуры адчужэння”, якая выдаляе на ўзбочыну і пагарджае тымі, хто “не адпавядае пэўным стандартам здароўя, прыгажосці, карыснасці”, заўважыў Папа.

Францішак прызнаўся, што яму падабаецца благаслаўляць рукі ўрачоў. Ён заклікаў медыцынскіх работнікаў памятаць, што “ў параненых целах хворых адлюстроўваецца таямніца цела самаго Хрыста”. Урачам патрэбна сэрца, здольнае да спачування. Яны пакліканы быць “персаніфікацыяй міласэрнасці”, асабліва на працягу трываючага Юбілейнага Году, сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.