2016-06-08 11:58:00

Папа: праграма жыцця хрысціяніна – спаўняць Божае слова


У Кане Галілейскай вучні Езуса становяцца Яго сям’ёй, тут нараджаецца вера Касцёла, заўважыў папа Францішак 8 чэрвеня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Каментуючы евангельскае апавяданне пра першы цуд Езуса (Ян 2,1-11), Пантыфік заўважыў, што сваімі дзеяннямі Хрыстус імкнуўся не выклікаць здзіўленне, але “аб’явіць любоў Айца”. Ён прадстае, як абвешчаны прарокамі Жаніх Божага народу і выяўляе глыбіню адносін, якія нас яднаюць з Ім: новы Запавет любові. 

“Што ляжыць у падмурку нашай веры? Учынак міласэрнасці, праз які Езус злучыў нас з сабой. І хрысціянскае жыццё з’яўляецца адказам на гэту любоў. Яно, як гісторыя двух закаханых. Бог і чалавек сустракаюцца, шукаюць адзін аднаго, знаходзяць, радуюцца адзін аднаму і любяць: менавіта як умілаваны і ўмілаваная ў Песні песняў. Усё астатняе прыходзіць як наступства гэтых адносін. Касцёл з’яўляецца сям’ёй Езуса, на якую Ён вылівае сваю любоў. Менавіта гэту любоў Касцёл аберагае і хоча падарыць усім”, - сказаў Папа.

Францішак таксама звярнуў увагу на заўвагу Маці Божай з Евангелля: “Не маюць віна”. “Вада патрэбна для жыцця, а віно выяўляе багацце вяселля і святочную радасць. Гэта было вяселле, на якім не хапіла віна і маладыя сужонкі саромеліся гэтага. Уявіце: завяршыць вяселле распіваннем гарбаты! Гэта быў бы сорам. Віно неабходна для свята. Перамяняючы ў віно ваду са збаноў, “пастаўленых для юдэйскага ачышчэння”, Езус здзейсніў красамоўны знак: перамяніў Закон Майсея ў Евангелле, якое нясе радасць. Як кажа ў іншым месцы той жа Ян: “Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста” (1,17)”, - заўважыў Пантыфік.

На вяселлі ў Кане Галілейскай, па словах Папы, “быў заключаны Новы Запавет, і слугам Пана, гэта значыць усяму Касцёлу, была даверана новая місія: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. 

“Служыць Пану азначае слухаць і спаўняць Яго слова. Гэта простая, але істотная парада Маці Езуса і праграма жыцця хрысціяніна. Для кожнага з нас, чэрпаць са збану азначае даверыцца Божаму слову, каб спазнаць яго плённасць у жыцці. Тады, разам з кіраўніком вяселля, які пакаштаваў вады, ператворанай у віно, таксама і мы можа ўсклікнуць: “Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль”. Так, Пан надалей захоўвае тое добрае віно для нашага збаўлення і яно працягвае вылівацца з Яго прабітага боку”, - сказаў Папа. 

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак заўважыў, што ў Кане Хрыстус “даў пачатак вяселлю, якое споўнілася ў пасхальнай таямніцы”. Сюды, па словах Папы, запрошаны ўсе, а новага віна заўсёды будзе даволі.








All the contents on this site are copyrighted ©.