2016-06-03 12:02:00

Папа заклікаў святароў да свабоды ад разліку


Сэрца Добрага Пастыра – павінна быць крыніцай натхнення для сэрцаў сучасных душпастыраў, адзначыў Святы Айцец 3 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане падчас св. Імшы на заканчэнне “Юбілею святароў”, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Папа цэлебраваў яе разам са шматлікімі кардыналамі, біскупамі і святарамі на плошчы св. Пятра. 

Францішак адзначыў, што Сэрца Добрага Пастыра з’яўляецца самой міласэрнасцю, і гледзячы на яго, духавенства можа аднавіць сваю памяць аб моманце, калі Бог паклікаў кожнага з іх. Ён дадаў, што Божая любоў не мае межаў, ніколі не слабее і ніколі не здаецца, і заклікаў святароў не пераставаць шукаць страчаных авечак, без захавання часу на прыватнае, не абараняючы свайго камфорту, наследуючы Хрыста, будучы свабоднымі ад “бухгалтэрыі духа”, прысвяціўшы сябе цалкам сваёй місіі.

Пантыфік таксама заклікаў святароў жыць сапраўднай радасцю любові для іншых і з іншымі. Бо сьвятар у малітве знаходзіць суцяшэнне Бога і спазнае, што мацней за любоў нічога няма. Ён таму ўнутрана спакойны і шчаслівы, што з’яўляецца “каналам міласэрнасці”, набліжэння чалавека да Божага сэрца. Смутак для яго, гэта нешта толькі пераходнае, строгасць – нешта чужое, таму што ён пастыр паводле лагоднага сэрца Бога.

“Дзякую вам за ваша “так”, і за шмат схаваных штодзённых “так”, якія ведае толькі Пан. Дзякую вам за ваша “так”, каб аддаць сваё жыццё аб’яднанымі з Езусам: тут ляжыць чыстая крыніца нашай радасці”, - завяршыў сваю гамілію на Эўхарыстыі, прымеркаванай да юбілейнай сустрэчы святароў, Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.