2016-06-03 14:53:00

Апостальская Сталіца ў ААН: чалавек вышэйшы за тэхналогіі


Сур’ёзнай прычынай для небяспекі становіцца няздольнасць стварыць дастатковую колькасць годных і стабільных месцаў працы. Такую занепакоенасць выказаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН падчас 105-й сесіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая прайшла 2 чэрвеня 2016 г. у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч агучыў праблему беспрацоўя сярод моладзі. Ён падкрэсліў, што для мільёнаў маладых людзей пошук працы становіцца “працяглай і складанай барацьбой”. Таму міжнародная супольнасць павінна дбаць аб стварэнні новых працоўных месцаў і дзейнічаць па прынцыпе субсідыярнасці – даваць магчымасць асобным людзям і бізнес-праектам самастойна ўплываць на развіццё грамадства.

Для гэтага неабходна распрацоўваць новыя, больш справядлівыя эканамічныя мадэлі развіцця, накіраваныя не на дасягненне прыбытку пасродкам спекуляцый, але на будаванне сацыяльнай эканомікі, якая будзе інвеставаць у чалавечы рэсурс. У той жа час, ватыканскі дыпламат прызнаў, што “хваля тэхналагічных інавацый уплывае на здольнасць сучасных вытворчых і абслугоўваючых сфер ствараць новыя працоўныя месцы”.

Арцыбіскуп Юркавіч перасцярог перад тэндэнцыяй сучаснай эканомікі выводзіць чалавека з вытворчага працэсу пастродкам тэхналогій, зводзіць яго да спажыўца. “Яшчэ горш тое, што самі людзі разглядаюцца сёння ў якасці спажывецкіх тавараў, якімі можна пакарыстацца, а пасля выкінуць”, - дадаў ён. Падмена чалавека тэхналогіямі становіцца моцным этычным выклікам сучаснасці, бо ставіць эканамічную эфектыўнасць і прадуктыўнасць вышэй за чалавечую годнасць.

Ватыканскі дыпламат закрануў пытанні своечасовай і дастатковай аплаты працы, якая павінна мець месца, каб чалавек мог забяспечваць годнае жыццё. Зарплата не можа вынікаць выключна з інтарэсаў рынка, але павінна падпарадкоўвацца прынцыпам справядлівасці і роўнасці.

Нарэшце, арцыбіскуп Юркавіч нагадаў аб экалагічных праблемах, выкліканых эканамічнай дзейнасцю чалавецтва. Кліматычныя змены негатыўна ўплываюць і на сацыяльнае развіццё грамадства, знішчаюць асобныя працоўныя месцы і пазбаўляюць людзей заробку. Свет сутыкнуўся з комплексным крызісам – эканамічным, сацыяльным і экалагічным. Таму і рашэнні павінны насіць комплексны характар – вынішчаць беднасць, аднаўляць чалавечую годнасць тых, хто быў выключаны з грамадства, і адначасова ахоўваць прыроду.








All the contents on this site are copyrighted ©.