2016-06-02 14:22:00

Францішак да святароў: грэх – гэта “рэзервуар міласэрнасці”


Амаль усе вялікія святыя былі вялікімі грэшнікамі або, як св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, разумелі, што толькі дзякуючы Божай ласцы не былі імі, сказаў Францішак 2 чэрвеня 2016 г. у сваёй медытацыі ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ падчас сустрэчы з святарамі ў рамках Юбілею Міласэрнасці. Ён сцвердзіў, што сярод тых, хто працуе ў барацьбе з залежнасцямі, як правіла, лепш дапамагаюць асобы, якія самі былі выратаваны ад іх, “лепшым спаведніком з’яўляецца, як правіла, той, хто сам добра спавядаецца”.

Святы Айцец адзначыў, што наш грэх з’яўляецца “рэзервуарам міласэрнасці”. Але часта бывае і так, што “грэх, як рэшата, як дзіравы збан, з якога хутка выплывае ласка”. “Бог даруе нястомна, нават тады, калі бачыць, што Яго ласка не можа пусціць моцныя карані ў глебе нашага сэрца, калі бачыць, што дарога цяжкая, поўная пустазелля і камянёў. Пастаянна ізноў і ізноў засявае міласэрнасць і прабачэнне”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што Бог заўсёды “большы за нашу свядомасць” граху, і “не толькі нястомна даруе нам, але і аднаўляе мяхі, у якія мы прымаем Яго прабачэнне”.

Пантыфік спаслаўся на прыклад Марыі і адзначыў, што менавіта яна вучыць нас, што “адзінай сілай, здольнай заваяваць сэрцы людзей, з’яўляецца пяшчотны клопат Бога”. “Тым, што ўражвае і прыцягвае, што захапляе і перамагае, што адкрывае і вызваляе з ланцугоў, з’яўляецца не сіла інструментаў або строгасць закона, але ўсемагутная слабасць Божай любові, якая з’яўляецца неадольнай сілай Яго лагоднасці і незваротным абяцаннем Яго міласэрнасці”, - адзначыў Святы Айцец.

На заканчэнне сустрэчы ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ Папа прапанаваў святарам памаліцца разам “Salve Regina”.








All the contents on this site are copyrighted ©.