2016-06-02 14:42:00

Пантыфік заклікаў духавенства да евангельскай прастаты


Папа Францішак заклікаў святароў крочыць шляхам “евангелькай прастаты”, прымаючы і перадаючы людзям Божую міласэрнасць. Аб гэтым Пантыфік казаў 2 чэрвеня 2016 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране ў сваёй медытацыі да ўдзельнікаў святарскіх рэкалекцый, якія праходзяць у Рыме ў рамках святкавання Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Пантыфік нагадаў, што святары патрабуюць пастаяннага навяртання і сузірання, аднаўлення любові. “Нішто не яднае з Богам лепш, чым учынкі міласэрнасці”, - падкрэсліў ён. Сустрэча з міласэрнасцю, па словах Папы, дае здольнасць несці яе іншым.

Гаворачы пра важнасць малітвы ў жыцці святара, Францішак пажадаў, каб яна суправаджалася падзякай Богу за дар стварэння і адкуплення, жалем за грахі і прагненнем Божай міласэрнасці. Малітва павінна весці да канкрэтных учынкаў у адносінах да бліжніх. Пашырэнню міласэрнасці павінны таксама служыць касцёльныя структуры, дадаў Пантыфік, заклікаючы да “інстытуцыянальнага навяртання”.

Паводле Святога Айца, святары не могуць баяцца “запэцкаць рукі” адносінамі з людзьмі, яны павінны жадаць увайсці ў адносіны з імі, загойваць іх раны. “Міласэрнасць выходзіць за рамкі справядлівасці”, яна “не прыніжае”, а робіць роўнымі: “міласэрнага і таго, хто прымае міласэрнасць”, падкрэсліў Пантыфік.

Францішак перакананы, што міласэрнасць, гэта “лад жыцця”, а знакам таго, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы, з’яўляецца яго жаданне цяпер і зараз быць міласэрным да ўсіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.