2016-06-01 12:07:00

Святы Айцец: пакора – умова для спазнання міласэрнасці


Пакорная малітва дае магчымасць спазнаць Божую міласэрнасць, заўважыў папа Францішак 1 чэрвеня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў прыпавесці пра фарысея і мытніка (Лк 18,9-14). Першы дзякаваў Богу за тое, што “не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі” і хваліўся выкананнем усіх прыказанняў, але забыўся пра самае важнае: любоў да Бога і бліжняга.

“Не дастаткова толькі пытаць у сябе, “колькі” молімся, мы павінны таксама пытацца: “як” молімся, ці лепш, “якое наша сэрца”: важна паглядзець на яго, каб ацаніць думкі, пачуцці, каб выкараніць пыху і крывадушнасць. (...) Мы ўсе ахоплены шалёным рытмам штодзённасці, мы часта апанаваныя сенсацыямі, адурманеныя, дызарыентаваныя. Трэба навучыцца знаходзіць шлях да нашага сэрца, нанова адкрываць каштоўнасць унутранага жыцця і цішыні, бо менавіта ў іх Бог нас сустракае і прамаўляе да нас. Толькі пачынаючы з гэтага мы, з нашага боку, можам сустракаць іншых і прамаўляць да іх. Фарысей пайшоў у святыню упэўненым у сабе, але без свядомасці, што згубіў шлях да свайго сэрца”, - сказаў Папа.

Мытнік жа маліўся з пакорным і поўным раскаяння сэрца. Яго зварот да Бога быў толькі сціплай просьбай аб міласэрнасці. 

“Прыпавесць нас вучыць аб тым, што праведнікамі або грэшнікамі становяцца не праз сацыяльную прыналежнасць, а праз спосаб адносін з Богам і братамі. Жэсты пакаяння, кароткія і простыя словы мытніка сведчаць аб усведамленні ім свайго мізэрнага стану. Яго малітва – істотная. Ён паступае як пакорны, упэўнены толькі ў тым, што з’ўляецца грэшнікам, патрабуючым літасці. Калі фарысей не просіць нічога, бо ўжо мае ўсё, мытнік можа толькі маліць аб Божай міласэрнасці. (...) Стоячы з “пустымі рукамі”, з адкрытым сэрцам і прызнаючы сябе грэшнікам, мытнік выяўляе ўсім нам стан, неабходны для атрымання Божага прабачэння. Урэшце менавіта ён, пагарджаны, становіцца “іконай” сапраўднага верніка”, - сказаў Папа.

Францішак прыгадаў словы, якімі Езус завяршыў прыпавесць: “кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны”.

“Хто ў жыцці лічыць сябе праведным, судзіць іншых і пагарджае імі, сапсуты і крывадушнік. Пыха кампраметуе ўсе добры справы, робіць пустой малітву, аддаляе ад Бога і іншых. Калі Бог заклікае нас да пакоры, то не да таго, каб прынізіць: пакора – гэта перш за ўсё стан, неабходны для таго, каб Ён мог нас узняць, каб мы спазналі міласэрнасць, якая сыходзіць, каб напоўніць нашыя сэрцы. Калі малітва пыхлівага не дасягае Божага сэрца, то пакора прыніжанага яго адкрывае”, - сказаў Папа. 

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў, што ў бліжэйшыя дні ў Ватыкане пачнецца сустрэча святароў, прымеркаваная да Юбілейнага Года Міласэрнасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.