2016-06-01 14:26:00

Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі джайнізму


Да супрацоўніцтва ў сферы абароны стварэння заклікаў Святы Айцец прадстаўнікоў Лонданскага інстытута джайнізма, якіх прыняў 1 чэрвеня 2016 г. раніцай у Ватыкане перад агульнай аўдыенцыяй.

Францішак нагадаў, што стварэнне з’яўляецца адлюстраваннем Бога, прыроды і нас саміх. Ён падкрэсліў, што задачай чалавецтва з’яўляецца адказны і пяшчотны клопат пра Маці Зямлю. Папа падзякаваў Інстытуту за ўсё, што ўстанова робіць у гэтай галіне.

Джайнізм з’яўляецца старажытнай рэлігіяй, якая паходзіць з Індыі, дзе жыве 98% з 5 мільёнаў яе паслядоўнікаў. Яна забараняе прычыняць пакуты любым жывым істотам, заклікае да ўстрымання ад хлусні, крадзяжу, чужалоства і валодання празмернымі багаццямі.

Напярэдадні адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу і міжнароднай джайнісцкай дэлегацыяй. Яна стала трэцяй у гісторыі. Дзве іншыя прайшлі ў 1995 і 2011 гг. Акрамя таго, у 2011, 2013 і 2015 гг. каталіцка-джайнісцкія форумы праходзілі на ўзроўні мясцовых Касцёлаў у Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША.

Падчас ватыканскай сустрэчы дэлегацыі пагадзіліся, што сардэчнае супрацоўніцтва, якое існуе ў цяперашні час, павінна быць узмоцнена на мясцовым узроўні. У прыватнасці, гаворка ішла пра важнасць выхавання моладзі ў кантэксце павагі да традыцыі іншых. Клопат аб Зямлі, як доме чалавечай сям’і, на думку ўдзельнікаў сустрэчы, можа стаць тэмай для вызначэння канкрэтных сфер супрацоўніцтва. Тут джайнісцкі прынцып “ненасілля” ў адносінах да ўсіх форм жыцця суадносіцца з хрысціянскімі “спагадай” і “справядлівасцю” да самых бедных і найбольш уразлівых. І менавіта тут трэба шукаць агульныя элементы, якія могуць матываваць і развіваць супрацоўніцтва паміж джайністамі і католікамі, лічаць удзельнікі дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.