2016-06-01 14:50:00

Маскоўскі Патрыярхат пракаментаваў прызначэнне новага нунцыя


Маскоўскі Патрыярхат спадзяецца на супрацоўніцтва з новым Апостальскім нунцыем у Расіі. Ім 28 мая 2016 г. быў прызначаны арцыбіскуп Чэлесціна Мільёрэ, былы папскі прадстаўнік у Польшчы. Тут маюць надзею на развіццё сумесных крокаў па абароне хрысціян і традыцыйных каштоўнасцяў у свеце.

“Навіна аб прызначэнні новага нунцыя ўспрымаецца з задавальненнем, тым больш што ім стаў адзін з самых вопытных ватыканскіх дыпламатаў, які нёс сваё служэнне ў розных краінах і на многіх адказных пасадах у знешнепалітычным ведамстве Ватыкана”, - заявіў агенцтву “Интерфакс-Религия” сакратар сінадальнага Аддзела знешніх царкоўных сувязяў іераманах Стэфан (Ігумнаў).

Ён выказаў упэўненасць у тым, што новы нунцый унясе “значны ўклад у развіццё адносін Рускай Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай Цэркваў, якія сёння знаходзяцца на ўздыме, асабліва пасля сустрэчы Патрыярха Кірылы і папы Францішка ў Гаване”. “Вынік гэтай сустрэчы шмат у чым фарміруе цяперашні кантэкст двухбаковых адносін, якія мы спадзяёмся інтэнсіўна развіваць у тым ліку ва ўзаемадзеянні з новым нунцыем”, - адзначыў праваслаўны святар.

Паводле яго, найважнейшай часткай гэтага кантэксту з’яўляюцца сумесныя намаганні Рускай Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў па падтрымцы хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама па абароне “традыцыйных маральных каштоўнасцяў, якія сёння падвяргаюцца сур’ёзным выклікам”.

Трэба нагадаць, што папа Францішак прызначыў на мінулым тыдні Апостальскім нунцыем у Расіі італьянскага арцыбіскупа Чэлесціна Мільёрэ. Раней ватыканскі дыпламат прадстаўляў Святы Пасад у шматлікіх міжнародных арганізацыях, у тым ліку быў пасланнікам пры Савеце Еўропы, назіральнікам пры ААН, нёс служэнне ў Дзяржсакратарыяце, у Афрыцы і ЗША, а з 2010 г. быў нунцыем у Польшчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.