2016-05-31 12:03:00

Пасол пра армянскае падарожжа Францішка


Францішак прыедзе ў краіну, якая смела глядзіць у будучыню. Арменія ўдзячная Пантыфіку за сведчанне блізкасці і клопату. Так аб хуткім папскім візіце сказаў Мікаэл Мінасян, пасол краіны пры Апостальскай Сталіцы. Паездка адбудзецца ў канцы чэрвеня пад дэвізам: “Візіт у першую хрысціянскую краіну”.

“Не толькі сама Арменія, але і ўсе армяне, незалежна ад таго, дзе яны зараз жывуць, адчуваюць радасць па прычыне папскага візіту. Пантыфік прыбудзе па запрашэнні армянскіх Патрыярхаў і Прэзідэнта краіны, а гэта значыць усяго народу, які жадае выказаць яму сваю павагу і ўдзячнасць за блізкасць да армян. Ён рабіў гэта ўжо будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса”, - сказаў Ватыканскаму радыё пасол. Ён падкрэсліў, што кожны з этапаў папскага візіту будзе сведчаннем гэтых добрых адносін.

Францішак, як і Ян Павел II, спыніцца ў патрыяршым палацы Каталікоса ўсіх армян. Ніводзін іншы не-каталіцкі Касцёл ніколі не прымаў Папу ў рэзідэнцыі свайго Патрыярха. 

Мікаэл Мінасян адзначыў, што ў цяперашні час Арменія з’яўляецца маладой рэспублікай, якая дынамічна развіваецца пасля 25 гадоў незалежнасці ад Савецкага Саюза. Маладая, як дзяржава, але з вельмі доўгай гісторыяй, яна з развагай будуе сваю ярка выяўленую тоеснасць, так неабходную ў глабалізаваным свеце. “Папа прыбывае ў Арменію, якая глядзіць у будучыню, якая спрабуе пераадолець цяжкую спадчыну планавай эканомікі, якая паставіла акцэнт на тэхналогіях і адукацыі. Ён прыбывае ў Арменію, якая, памятаючы пра боль мінулага, прычыняецца да будавання міру ва ўсім свеце, і асабліва ў нашым рэгіёне”, - сказаў дыпламат.

Францішак наведае Арменію 24-26 чэрвеня 2016 г. На маршруце яго падарожжа будуць чатыры месцы: Эчміядзін, Ерэван, Гюмры і Хор Вірап.








All the contents on this site are copyrighted ©.