2016-05-31 12:49:00

Папа здзейсніў новае біскупскае прызначэнне ва Украіне


Святы Айцец Францішак прызначыў Апостальскім адміністратарам “sede vacante” Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі ва Украінае Яго Эксцэленцыю Віталія Скамароўскага, Біскупа Луцкага. Аб рашэнні Пантыфіка паведамілі 31 мая 2016 г. у Ватыкане.

Трэба нагадаць, што пастыр Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Пётр Мальчук адышоў у вечнасць 27 мая 2016 г. у Гродне, дзе прымаў удзел у Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе. Яму было 50 гадоў. Пахаванне іерарха адбылося 31 мая 2016 г.

Пётр Мальчук нарадзіўся 17 ліпеня 1965 г. ва Украіне. Пасля заканчэння сярэдняй школы і праходжання воінскай службы ў 1986 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе ў Латвіі. У 1989 г. уступіў у Ордэн братоў меншых, францішканаў. У 1992 г. быў пасвечаны ў святары, затым вучыўся ў Рыме ў Папскім універсітэце “Antonianum”. Атрымаў ступень доктара тэалогіі. У 2011 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў Пятра Мальчука пастырам Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі з тытулам архіепіскапа “ad personam”.

Біскуп Віталій Скамароўскі скончыў Рыжскую духоўную семінарыю. 27 мая 1990 г. атрымаў святарскае пасвячэнне, пасля чаго быў вікарыем у Бярдзічаве і пробашчам у Сумах, а з 2000 па 2003 гг. – віцэ-рэктарам духоўнай семінарыі Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі. У 2003 г. Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам Кіеўска-Жытомірскай дыяцэзіі, а 12 красавіка 2014 г. папа Францішак – Біскупам Луцкім.








All the contents on this site are copyrighted ©.