2016-05-31 14:48:00

Беспрэцэдэнтныя меры бяспекі на СДМ-2016


Праца каля 20 тыс. паліцэйскіх павінна гарантаваць бяспеку на Сусветных днях моладзі ў канцы ліпеня ў Кракаве. Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў краіны Себасцьян Хвалэк. Акрамя таго, будуць задзейнічаны 2400 пажарных і 1500 памежнікаў.

Гэта важная падзея будзе падрыхтавана найлепшым чынам, запэўніла кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра і прадстаўнік урада для арганізацыі форума Бэата Кэмпа. Рызыкі падчас візіту Францішка ў Польшчы павінны быць ліквідаваны. На межах з суседнімі краінамі ЕС Польшча ўвядзе часова з 4 ліпеня па 2 жніўня дадатковыя меры кантролю.

У аэрапортах Кракава і Катавіц польскім памежнікам будуць дапамагаць калегі з Партугаліі, Італіі, Бельгіі і Іспаніі. Дадатковыя палосы афармлення будуць уведзены на пунктах пропуску на мяжы з Украінай, бо адтуль чакаецца каля 200 тыс. пілігрымаў. На Полі міласэрнасці ля Кракава і на Кракаўскіх лугах, месцах правядзення самых масавых мерапрыемстваў, будзе забяспечана падключэнне да інтэрнэту і тэлефонная сувязь дзякуючы размяшчэнню мабільных станцый і валаконна-аптычных сетак.

Генеральны каардынатар арганізацыйнага камітэта Сусветных дзён, біскуп Даміян Мускус паведаміў, што на заключнай Эўхарыстыі форуму з удзелам Францішка чакаюць 1,5 - 1,8 мільёнаў удзельнікаў.

Цэнтральныя мерапрыемствы Сусветных дзён моладзі пройдуць у Кракаве з 26 па 31 ліпеня 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.