2016-05-30 14:50:00

Францішак: закрыты ў правілах Касцёл робіць нявольнікаў


Касцёл і кожны хрысціян павінны дбаць, каб не закрыцца ў сістэме правіл, але пакінуць месца для “памяці” аб дарах, атрыманых ад Бога, для прароцкага дынамізму і перспектывы надзеі, сказаў папа Францішак 30 мая 2016 г. у час ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Святы Айцец папярэдзіў аб небяспецы празмернага даверу да нормаў. Такое стаўленне мелі кніжнікі і фарысеі, якія хацелі забіць Езуса, сказаў ён, спасылаючыся да евангельскай прыпавесці пра несправядлівых вінаградараў (Мк 12,1-12).

Вобраз вінаградараў, якія забілі не толькі пасланых слугаў, але і сына гаспадара вінаградніка, гэта вобраз народу закрытага ў самім сабе, які не адкрываецца на Божыя абяцанні, не мае памяці і надзеі. Такім чынам “апраўдваюцца настаўнікі закону, тэолагі, якія заўсёды крочаць шляхам казуістыкі і не дазваляюць праявіцца свабодзе Святога Духа; не прызнаюць Божага дару, дару Духа і закрываюць Духа ў клетцы”, - сказаў Папа.

“Тым людзям Езус, які сам асабіста спазнаў спакусу, сказаў: “праходзіце палову свету, каб знасці празеліта, а калі яго знаходзіце, робіце нявольнікам”. Народ, Касцёл арганізаваны такім чынам робіць нявольнікаў. Цяпер мы разумеем рэакцыю Паўла, калі казаў пра рабства закону і свабоду, якую дае ласка. Народ свабодны, Касцёл свабодны, калі мае памяць, калі пакідае месца прарокам, калі не губляе надзеі”, - падкрэсліў Святы Айцец. 

Напрыканцы сваёй гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў разам адказаць на пытанні: “ці памятаю пра цуды, якія Бог учыніў у маім жыцці? Ці памятаю пра дары Пана? Ці здольны адкрыць сэрца на прарокаў? (...) Ці давяраю Божым абяцанням, як рабіў гэта Абрагам, які пакінуў родную зямлю, не ведаючы куды ідзе, толькі таму, што пакладаў надзею на Бога?”.








All the contents on this site are copyrighted ©.