2016-05-30 13:33:00

Святы Айцец: выкараніць усе праявы агрэсіі


Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 29 мая 2016 г. прадстаўнікоў больш чым 40 універсітэтаў свету, якія далучыліся да дзейнасці Папскага фонда “Scholas Occurentes”. Сустрэча адбылася з нагоды сусветнага кангрэсу гэтай ініцыятывы, які праходзіў у Рыме на тэму “Паміж універсітэтам і школай: сцяна ці мост?”. 

Патрэбны не сцены, а менавіта масты: Пантыфік падкрэсліў, што раздзяленне паміж народамі, сем’ямі, сябрамі нараджае варожасць і нянавісць, у той час як яднанне стварае грамадскае і братэрскае сяброўства, “культуру сустрэчы, якая бароніць нас ад рознага кшталту культуры адчужэння”.

Падчас ватыканскага форума прагучалі кранальныя сведчанні і былі ўручаны прэміі за міратворчую дзейнасць. Яе лаўрэатамі сталі некаторыя галівудскія кінаакцёры: Рычард Гір, Джордж Клуні і Сальма Хаек, якія спецыяльна з гэтай нагоды прыбылі ў Ватыкан. Яны атрымалі ўзнагароды за сваю працу на карысць моладзі з гарадскіх перыферый. Папа падкрэсліў, што для моладзі важна “пачуццё прыналежнасці” да пэўнай групы, сям’і або арганізацыі. 

Святы Айцец заклікаў рабіць канрэтныя жэсты ў барацьбе супраць усіх праяваў агрэсіі, пачынаючы з цкавання ў навучальных установах. Трэба выкараніць усе віды лютасці паміж людзьмі, а для гэтага неабходна здольнасць слухаць адно аднаго. 

“У дыялогу ўсе перамагаюць і ніхто не страчвае. У спрэчцы ж, адзін перамагае, а другі страчвае, але на самой справе страчваюць абодва. Дыялог гэта здольнасць слухаць, ставіць сябе на месца іншага, будаваць масты”, - лічыць Пантыфік.

“Наш свет мае патрэбу ў паніжэнні ўзроўню агрэсіўнасці; мае патрэбу ў пяшчоце, лагоднасці; мае патрэбу слухаць, крочыць разам. Інакш здарыцца тое, што адбываецца сёння”, - дадаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.