2016-05-28 13:46:00

Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Сінгапура


28 мая 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы Прэзідэнта Сінгапура Тоні Тана Кен Яма. Затым палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер.

У ходзе сардэчных размоваў падкрэсліваліся добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Сінгапурам, а таксама супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай, асабліва ў адукацыйнай і сацыяльнай сферы.

Акрамя таго, суразмоўцы закраналі акуальныя міжнародныя тэмы і палітычную сітуацыю ў рэгіёне, з асабліва спасылкай на важнасць міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу для спрыяння правам чалавека, стабільнасці, справядлівасці і міру ў паўднёва-ўсходняй Азіі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы. 

Католікі ў Сінгапуры складаюць каля 4% ад агульнай колькасці насельніцтва, або каля 162 тыс. чалавек. Тут дзейнічае каля 30 парафій, а душпастырствам займаюцца каля 70 святароў, 60 законнікаў і 220 законніц. 








All the contents on this site are copyrighted ©.