2016-05-28 11:09:00

Прэфект: вярнуць Богу цэнтральнае месца ў літургіі


Эўхарыстыя павінна зноў апынуцца ў цэнтры нашага жыцця, а Бог – у цэнтры літургіі, падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку “Famille chrétienne” кардынал Рабэр Сара заўважыў, што сёння літургія часта набывае выгляд спектаклю, а святар нібыта не здзейсняе ахвяру Хрыста, але праводзіць сустрэчу ў коле сяброў.

Паводле ватыканскага іерарха, празмерная крэатыўнасць падчас літургіі можа прывесці да яе ператварэння ў выключна чалавечую дзею, адпаведную нашым жаданням і актуальнай модзе, а таксама да аддалення вернікаў ад таго, што з’яўляецца крыніцай жыцця. На яго думку, Эўхарыстыя для хрысціяніна, гэта пытанне жыцця і смерці. Калі ў цэнтры літургіі знаходзіцца чалавек, таксама і Касцёл становіцца “чалавечай” арганізацыяй, адпаведнай духу гэтага веку. Аб гэтай небяспецы часта нагадвае папа Францішак. Калі ж у цэнтры будзе знаходзіцца Бог, Касцёл набудзе жыццядайнасць, перакананы прэфект ватыканскай дыкастэрыі.

Кардынал Сара лічыць, што сёння неабходна пэўнае “навяртанне” ў пытанні літургіі. Для гэтага неабходна глыбокае разважанне, вучоба і перачытванне тэкстаў Другога Ватыканскага Сабора.

Пурпурат заўважыў, што ў гэтым “навяртанні” павінны быць задзейнічаны і целы вернікаў, якія павінны выражаць накіраванасць літургіі на Бога. Найлепшым сродкам ён лічыць зварот усёй супольнасці і святара, у некаторых частках літургіі ў адзіным кірунку – у напрамку абсіды, якая сімвалізуе Усход, або Бога, напрыклад падчас чыну пакаяння, гімну “Хвала на вышынях Богу” ці эўхарыстычнай малітвы.








All the contents on this site are copyrighted ©.