Папа Францішак прызначыў 28 мая 2016 г. новым Апостальскім нунцыем у Расійскай Фэдэрацыі арцыбіскупа Чэлесціна Мільёрэ, да гэтага Апостальскага нунцыя ў Польшчы.
Новы дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца ў Расіі нарадзіўся 1 ліпеня 1952 г. у італьянскім Кунеа. Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1977 г. Вучыўся ў Цэнтры вывучэння тэалогіі ў Фасана, Папскім Латэранскім універсітэце і Папскай Касцёльнай акадэміі. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі ў 1980 г.
Арцыбіскуп Мільёрэ працаваў у Апостальскай дэлегацыі ў Анголе, Апостальскіх нунцыятурах у ЗША, Егіпце і Польшчы. У 1992 г. быў прызначаны пастаянным назіральнікам Святога Пасаду пры Савеце Еўропы ў Страсбургу. З 1995 па 2002 гг. нёс служэнне ў Дзяржсакратарыяце і займаўся выкладчыкай дзейнасцю.
30 кастрычніка 2002 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго пастаянным назіральнікам Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку, надаўшы яму годнасць арцыбіскупа. Гэту пасаду дыпламат займаў да 30 чэрвеня 2010 г., калі Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Польшчы.
Арцыбіскуп Мільёрэ валодае італьянскай, французскай і англійскай мовамі. На пасадзе Апостальскага нунцыя ў Расійскай Федэрацыі ён змяніў арцыбіскупа Івана Юркавіча, прызначанага на пасаду пастаяннага назіральніка Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
All the contents on this site are copyrighted ©. |