2016-05-28 09:56:00

Папа сустрэўся з заснавальніцай руху “Маці плошчы Мая”


27 мая 2016 г. папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з Эбе дэ Бонафіні – заснавальніцай і старшынёй асацыяцыі “Madres de Plaza de Mayo” (Маці плошчы Мая), якая аб’ядноўвае аргентынскіх маці, чые дзеці бясследна зніклі ў перыяд ваеннай дыктатуры, паміж 1976-1983 гг.. у Аргентыне. 87-гадовая Бонафіні, якая да сённяшняга дня працягвае актыўна займацца праваабарончай дзейнасцю, у тых абставінах згубіла дзвюх сыноў і нявестку.

У размове з журналістамі яна прызналася, што сустрэча з Пантыфікам была доўгай і прайшла ў цёплай атмасферы. Між іншым яна папрасіла Папу аб прабачэнні за тое, што крытыкавала яго ў мінулым. Яшчэ раней яна дасылала Пантыфіку ліст з аналагічнай просьбай і прызнаннем у тым, што не ведала аб яго клопаце пра бедных.

Эбэ дэ Бонафіні распавяла Францішку пра сітуацыю ў Аргентыне, пра лёс людзей, пакутуючых ад беспрацоўя і беднасці. Папа пераважна слухаў і сказаў, што на дадзены момант не можа здзейсніць падарожжа ў Аргентыну.

Сваю назву асацыяцыя “Madres de Plaza de Mayo” атрымала ад назвы цэнтральнай плошчы Буэнас-Айрэса – плошчы Мая, дзе, насупраць дому ўрада, пачынаючы з 30 красавіка 1977 г., кожны чацвер, сталі збірацца жанчыны, дзеці якіх бясследна зніклі. Пасля падзення рэжыму хунты дзяржаўная грамадзянская камісія пацвердзіла 11 тыс. выпадкаў знікнення людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.