2016-05-27 16:13:00

Уладзімір Макей: Беларусь гатова прыняць Папу


Беларусь гатова прыняць з візітам Папу. Аб гэтым 27 мая 2016 г. заявіў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, паведамляе агенцтва "Белта". Міністр удакладніў, што пакуль аб канкрэтных тэрмінах размова не вядзецца, але ёсць прынцыповая гатоўнасць. 

Беларусь, паводле яго слоў, гатова не толькі прыняць Пантыфіка з візітам, але і арганізаваць на беларускай зямлі яго сустрэчу з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы. “Мы лічым, што ў любым выпадку візіт павінен быць нацэлены на тое, каб стварыць яшчэ больш гармоніі і забяспечыць яшчэ большы мір у міжканфесійным асяроддзі, які існуе ў Беларусі. Менавіта з гэтых пазіцый мы будзем падыходзіць і да арганізацыі візіту Папы ў нашу краіну", - сказаў міністр. 

Характарызуючы адносіны з Апостальскай Сталіцай, Уладзімір Макей адзначыў, што яны знаходзяцца на высокім узроўні. Беларускі бок удзячны Святому Пасаду за прагматычную ўзважаную пазіцыю, якую ён займаў, у тым ліку ў пытанні абмежавальных мер ЕС адносна Беларусі. “Мы спадзяёмся, што такі высокі ўзровень адносін з Ватыканам захаваецца і ў далейшым", - падкрэсліў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.








All the contents on this site are copyrighted ©.