2016-05-27 10:32:00

Святы Айцец: Эўхарыстыя – цэнтр і форма жыцця Касцёла


Падчас літургіі ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста папа Францішак нагадаў пра святых, бацькоў і мноства іншых хрысціян, якія “ламалі” свае жыцці дзеля іншых, на знак любові да ўсяго свету. Урачыстая св. Імша прайшла 27 мая 2016 г. на плошчы св. Яна на Латэране.

У сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на сувязь паміж жэстам устанаўлення Эўхарыстыі і памнажэння хлябоў і рыбаў. У абодвух сітуацыях Хрыстус заклікаў вучняў да “чынення”: у першым выпадку “паўтараць жэст, якім Ён ўстанавіў мемарыял сваёй Пасхі”, а ў другім – раздаваць ежу, “благаслаўлёную і падзеленую Яго святымі і вялебнымі рукамі”.

“Ясна, што праз гэты цуд Ён хацеў не толькі ўталіць аднадзённы голад. Гэта быў знак таго, што Хрыстус жадае ўчыніць збаўленне ўсяго чалавецтва, дорачы яму сваё Цела і Кроў. Тым не менш, трэба заўсёды праходзіць праз гэтыя два маленькія жэсты: ахвяроўваць тую малую колькасць хлеба і рыбаў, якую маем; атрымліваць хлеб, падзелены ў руках Езуса і раздаваць усім”, - сказаў Папа.

Іншае слова, на якім засяродзіў увагу Пантыфік – “ламаць”. Езус, паводле яго слоў, “паламаў сябе для нас” і таго ж чакае ад сваіх вучняў: “менавіта гэта “ламанне хлеба” стала абразом, знакам, па якім пазнаваўся Хрыстус і хрысціяне”.

“Эўхарыстыя з самага пачатку становіцца цэнтрам і формай жыцця Касцёла. Падумаем пра ўсіх святых – славутых і ананімных -  якія “ламалі” сябе, уласныя жыцці, каб “даць есці” братам. Колькі маці, бацькаў, разам са штодзённым хлебам, узятым з хатняга стала, ламалі свае сэрцы, каб раслі іх дзеці, каб раслі добра! Колькі хрысціян, колькі адказных грамадзян, ламалі свае жыцці баронячы годнасць усіх, асабліва самых бедных, адчужаных і дыскрымінаваных! Дзе яны знаходзяць сілу, каб чыніць усё гэта? Менавіта ў Эўхарыстыі: у сіле любові Уваскрослага Пана, які таксама і сёння ламае для нас хлеб і паўтарае: “Гэта чыніце на маю памяць”, - сказаў Папа.

Пасля літургіі Папа на аўтамабіле адправіўся да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, дзе сустрэў вернікаў, якія прайшлі да святыні ў пешай эўхарыстычнай працэсіі, каб удзяліць ім сваё апостальскае благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.