2016-05-26 12:26:00

Папа ўзначаліць літургію ва ўрачыстасць Божага Цела


26 мая 2016 г. ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста папа Францішак узначаліць Эўхарыстыю перад базылікай св. Яна на Латэране. Пасля яе адбудзецца традыцыйная эўхарыстычная працэсія вуліцамі Рыма да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, у якой прымуць удзел шматлікія кардыналы і біскупы, святары, законнікі, семінарысты і свецкія вернікі, сярод якіх дзеці, што прынялі сёлета першую св. Камунію. 

Нагадваючы пра ўрачыстасць папа Францішак напісаў праз свой акаунт у “Твітэры”: “Езус дорыць нам сябе ў Эўхарыстыі, ахвяруе самога сябе ў якасці духоўнага пасілку, які падтрымлівае наша жыццё".

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 25 мая 2016 г. Святы Айцец заклікаў вернікаў прыняць удзел у традыцыйнай святочнай працэсіі. “У 19.00 на плошчы св. Яна на Латэране я буду цэлебраваць св. Імшу, а затым мы ўшануем Найсвяцейшы Сакрамэнт ідучы да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ. Запрашаю ўсіх рымлян і пілігрымаў узяць удзел у гэтым урачыстым публічным акце веры і любові да Езуса, па-сапраўднаму прысутнага ў Эўхарыстыі”, - сказаў Папа.

У сваёй гаміліі, падчас літургіі ва ўрачыстасць Божага Цела ў мінулым годзе, Францішак заклікаў да еднасці з хрысціянамі, якія падвяргаюцца пераследу. Нажаль сёння гэты заклік не губляе сваёй актуальнасці: 

“Ідучы ў гэтай эўхарыстычнай працэсіі, будзем трываць у еднасці з тымі шматлікімі братамі і сёстрамі, якія не могуць свабодна выражаць сваю веру ў Езуса Хрыста. У нашых сэрцах будзем аддаваць пашану тым братам і сёстрам, ад якіх патрабавалася прынясенне жыцця ў ахвяру за вернасць Хрысту. Няхай іх кроў, злучаная з Крывёю Пана Езуса, будзе знакам спакою і прымірэння для ўсяго свету”, - казаў Святы Айцец.

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста з’яўляецца старадаўнім хрысціянскім святам. Першапачаткова яна адзначалася на мясцовым узроўні ў дыяцэзіі Льеж, у Бельгіі, а ў якасці абавязковай для ўсяго Паўсюднага Касцёла была ўстаноўлена ў 1264 г. папам Урбанам IV. 








All the contents on this site are copyrighted ©.