2016-05-26 10:59:00

Пантыфік да нямецкіх католікаў: памятайце пра бедных


Прысвячаць у сваім жыцці ўсё больш часу бедным і прыгнечаным, заклікаў папа Францішак удзельнікаў 100-й сустрэчы нямецкіх католікаў, да якіх скіраваў адмысловае відэа-пасланне. Сёлетні “Katholikentag” праходзіць 25-29 мая 2016 г. у Лейпцыгу на тэму “Вось чалавек” (Ян 19,5). “Гэта тэма цудоўна адлюстроўвае тое, што на самой справе важнае. Важным з’яўляецца не імкненне да знешняга поспеху, але здольнасць спыняцца, скіроўваць позірк, быць уважлівымі да іншых і даваць ім тое, чаго ім не хапае на самой справе”, - сказаў Папа. 

Францішак нагадаў, што кожны чалавек мае глыбокае прагненне адзінства і мірнага жыцця. Але яно можа развівацца толькі калі будуем унутраны мір ва ўласным сэрцы.“Многія людзі жывуць у пастаяннай спешцы. Так яны рызыкуюць “апракінуць” усё, што іх акружае. Гэта адлюстроўваецца і ў адносінах да навакольнага асяроддзя. Неабходна прысвячаць больш часу аднаўленню спакойнай гармоніі са светам, стварэннем, а таксама Стварыцелем. Давайце, праз сузіранне і малітву, будзем імкнуцца дасягнуць большай блізкасці з Богам. Паступова мы адкрыем, што Нябесны Айцец жадае нашага дабра, Ён хоча нас бачыць шчаслівымі, поўнымі радасці і спакою”, - сказаў Францішак.

Паводле слоў Пантыфіка, блізкасць з Богам натхняе да быцця міласэрнымі. “Як любіць Айцец, так любяць і дзеці. Наколькі міласэрны Ён, настолькі і мы пакліканы быць міласэрнымі, адзін да аднаго. Дазволім Божай міласэрнасці дакрануцца да нас таксама праз добрую споведзь, каб станавіцца ўсё больш міласэрнымі, як Айцец”, - заклікаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ў сучасным грамадствах часта можна сустрэць людзей якімі пагарджаюць, значэнне жыцця якіх прыніжаецца і якія, у старасці або хваробе, змушаюцца да скарэйшай смерці. “Мы бачым як людзі падвяргаюцца прыніжэнням, збіваюцца тут і там і пазбаўляюцца годнасці, таму што не маюць працы або з’яўляюцца бежанцамі”, - сказаў Папа.

Напрыканцы свайго звароту Святы Айцец высока ацаніў хрысціянскае сведчанне, якое нямецкія католікі даюць праз клопат аб самых слабых і патрабуючых і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.