2016-05-26 13:56:00

Еўрапейская экуменічная сустрэча прашла ў Лондане


Супрацоўніцтву і рэалізацыі супольных ініцыятыў была прысвечана сустрэча кіраўнікоў і сакратароў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК). Яна адбылася 24 мая 2016 г. у Лондане. Першая з гэты арганізацый прадстаўляе каталіцкія епіскапаты, а другая – некаталіцкія Цэрквы і хрысціянскія супольнасці кантыненту.

У ходзе дыскусій абмяркоўваліся некаторыя пытанні звязаныя з экуменічным дыялогам у Еўропе. Гэта тэма стане адной з галоўных на пасяджэнні Супольнага камітэта Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў, запланаванага на пачатак 2017 г. Яно будзе прысвечана, галоўным чынам, праблемам навакольнага асяроддзя і рэлігійнай свабоды. 

Падчас лонданскай сустрэчы ўздымалася тэма супольнай дзейнасці хрысціян розных канфесій у кантэксце актуальных міжнародных праблем. У першую чаргу абмяркоўвалася праблема бежанцаў у Еўропе і міру на Блізкім Усходзе.

У сустрэчы прымалі удзел: старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, кардынал Пэтэр Эрдо, старшыня Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў, англіканскі епіскап Крыстафер Хіл, а таксама сакратары гэтых арганізацый. 

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы была заснавана ў 1971 г. і уключае ў сябе 33 нацыянальныя епіскапаты, а таксама іерархаў з тых краін, дзе Канферэнцый Біскупаў не існуе: арцыбіскупаў Люксембурга і Манака, біскупаў з Малдовы і Эстоніі і грэка-каталіцкага епіскапа з Мукачава.

Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў існуе з 1959 г. Да яе належаць 114 пратэстанскіх Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.