2016-05-25 09:43:00

У Беларусі праходзіць Эўхарыстычны кангрэс


У Гродне 25 мая 2016 г. працягнуў працу Нацыянальны эўхарыстычны кангрэсс – падзея значная і знакавая. Канферэнцыі, дыскусіі, канцэрты. Біскупы, святары, навукоўцы, журналісты, пісьменнікі, моладзь. Здавалася, што і трох дзён мала, каб змясціць усе пункты праграмы, але, насычаныя малітвай, суткі быццам разцягнуліся больш чым на 24 гадзіны. Галоўнае ў іх – Эўхарыстыя, нагадаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. “Эўхарыстыя – гэта любоў, гэта міласэрнасць, гэта наша ўдзячнасць Богу. Як вучыць папа Францішак, гэта магчымасць дакрануцца далоняў Езуса Хрыста, далоняў іншага чалавека. А нагода – гэта 25-годдзе адраджэння касцёльных структур, каб мы маглі за гэтыя 25 гадоў падзякаваць, але таксама і вызначыць нейкія напрамкі нашай дзейнасці, рэалізацыі Божай міласэрнасці ў нашым народзе і краіне, каб была прысутнасць Езуса Хрыста ў святыні, у сэрцы чалавека і ў грамадстве”, - адзначыў у інтэрвью Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх.

Нацыянальны кангрэс аб’яднаў не толькі розныя формы зносін, але і адразу некалькі важных гадавін: 25-годдзе адраджэння касцёльных стурктур у краіне і 25-годдзе заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Гісторыя і сучаснасць – гэта і выпрабаванні, і Божая міласэрнасць разам, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гэта той бясцэнны дар, які нельга сёння страціць, яго трэба толькі памнажаць. Нягледзячы на тое, што шмат чаго зроблена, спыняцца нельга, а кангрэсс – як раз тое месца, дзе епіскапат можа “зверыць гадзіннікі”. “Напэўна трэба развіваць душпастырства сем’яў, моладзі, паклікання, бо семінарыі ёсць, а пакліканняў не так шмат. Таксама трэба больш працаваць з інтэлігенцыяй, гэтага не хапае сёння. Таксама адносіны з Беларускай Праваслаўнай Царквой добрыя, але ў святле сустрэчы Папы з Патрыярхам Кірылам мы бачым новыя перспектывы. Таксама трэба развіваць мас-медыя, бо без іх Каталіцкі Касцёл не будзе мець адпаведнага голасу. Праз СМІ людзі, тыя хто не ходзіць у Касцёл, чуюць пра нас, чытаюць. Касцёл у Беларусі – частка Сусветнага, таму трэба развіваць адносіны з іншымі біскупскімі канферэнцыямі. Вучыцца ад іншых трэба, а таксама і несці свой досвед, свой вопыт”,  - лічыць  арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Беларусі.

Адмысловым госцем форума стаў папскі легат, кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Кангрэс аб’яднаў не адну пляцоўку ў горадзе: калі прэзентацыя кнігі і даклады гучалі ў зале семінарыі, то спевы касцёльных хораў загучаць у гарадскім Доме культуры. 

Падвядзенне вынікаў і падзяка за перажытае, погляд у будучыню і просьба аб Божай ласцы – Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, падзяліўся адзін з яго арганізатараў кс. Антоній Грэмза, задумваўся як навукова-тэалагічны форум. А стаў яшчэ і сапраўдным святам.  “Перажываем Год Міласэрнасці і ў гэтым кантэксце мы навучаемся быць міласэрнымі. Таксама і дэвіз кангрэса гучыць “Эўхарыстыя – школа міласэрнасці”. Мы вучымся быць міласэрнымі да іншых людзей, гэта нас забавязвае да таго, каб мы маглі быць сведкамі міласэрнасці ў штодзённым жыцці і будаваць міласэрнасць не на словах, а нашымі ўчынкамі. Бо Эўхарыстыя – гэта нешта рэальнае, рэчаіснае”, - падкрэсліў святар. 

Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне стаў першым у сваім родзе. Але, магчыма, яго правядзенне ўвойдзе ў традыцыю. Кульмінацыяй форума стане эўхарыстычная працэсія, якая ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста процдзе па вуліцах горада. Менавіта яна стане самым яскравым сведчаннем таго, што Хрыстус сярод нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.