2016-05-23 21:15:00

Кардынал Паралін: неабходны інвестыцыі ў развіццё


У сучасным свеце няма нічога важней за ўстанаўленне міру і прадухіленне чарговых канфліктаў, сказаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі, кардынал Пьетра Паралін, які ўзначальвае дэлегацыю Апостальскай Сталіцы на Сусветным саміце па гуманітарных пытаннях. Форум праходзіць 23-24 мая 2016 г. у Стамбуле. Бліжэйшы супрацоўнік папы Францішка меў магчымасць узяць слова сярод яго першых дэлегатаў.

Кардынал Дзяржсакратар нагадаў, што ахвяры канфліктаў чакаюць ад удзельнікаў саміта важных крокаў. Ён заўважыў, што вайсковыя дзеянні не могуць больш трактавацца як асноўны спосаб вырашэння праблем. Трэба ставіць на інвестыцыі ў развіццё, якое мае важнае значэнне для трывалага міру і бяспекі і з якога ніхто не можа быць выключаны.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў пра шматвектарную дзейнасць Апостальскай Сталіцы: клопат пра разбраенне і супрацоўніцтва з дзяржавамі на карысць міру, салідарнасць і поўную павагу да чалавечай годнасці. У гэтым кантэксце ён нагадаў пра "фармальную і нефармальную дыпламатыю", а таксама пра міжрэлігійны дыялог, які вынікае з перакананасці, што рэлігіі павінны быць станоўчай сілай у прадухіленні і спыненні канфліктаў.

Кардынал Паралін падкрэсліў таксама важную ролю адукацыйнай і дабрачыннай дзейнасці Касцёла на карысць міру і сацыяльнай інтэграцыі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.