2016-05-23 13:56:00

Ватыканскі кардынал з візітам у Калумбіі


Працягваецца візіт прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў у Калумбію. 22 мая 2016 г. кардынал Фернанда Філоні ўдзяліў біскупскую сакру Апостальскаму вікарыю Пуэрта-Гаітану, мансеньёру Раўлю Альфонса Карылу Марцінэсу і Апостальскаму вікарыю Сан-Андрэс-і-Правідэнсія, мансеньёру Хаймэ Урыэлю Санабрыя Арыясу.

“Апостальскія вікарыяты – гэта касцёльныя акругі, якія яшчэ не набылі статус дыяцэзій”. Таму яны “маюць патрэбу ў асаблівым клопаце, шчодрым суправаджэнні і пільным даглядзе, які прывядзе іх да сталасці”. Па гэтай прычыне ім патрэбны біскупы, якія будуць “сапраўднымі Божымі людзьмі” у “любові, пакоры і прастаце жыцця”, якія будуць па-бацькоўскую любіць вернікаў і ўдзяляць асаблівую ўвагу тым, хто не належыць да Хрыстовай аўчарні”, сказаў у сваёй гаміліі прадстаўнік папы Францішка.

Візіт кардынала Філоні ў Калумбію пачаўся 21 мая і працягнецца да 28 мая 2016 г. У бліжэйшыя дні пурпурат наведае некалькі Апостальскіх вікарыятаў на тэрыторыі краіны, а таксама ўзначаліць Эўхарыстыю з нагоды адкрыцця ХІІ Нацыянальнага місійнага кангрэсу.

У 2017 г. Калумбію збіраецца наведаць папа Францішак. Нагодай для візіту можа стаць магчымае падпісанне мірнага пагаднення паміж урадам і паўстанцамі Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (ФАРК). Святы Айцец выказваў гатоўнасць прыбыць у краіну, калі мірныя перамовы паміж бакамі, якія вядуцца ў Гаване, прывядуць да заключэння згоды.








All the contents on this site are copyrighted ©.