Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. 21 мая 2016 г. раніцай у двары Апостальскага палаца беларускага лідэра чакала ганаровая варта швейцарскіх гвардзейцаў. У суправаджэнні афіцыйнай дэлегацыі і ганаровых камергераў ён прашоў праз залы Апостальскага палацу ў Папскую бібліятэку. Пантыфік прывітаў кіраўніка беларускай дзяржавы па-беларуску: “Хрыстос Уваскрос!” , спасылаючыся такім чынам на пасхальны перыяд, які трывае зараз у праваслаўных.
Пасля прыватнай аўдыенцыі з Францішкам і абмену падарункамі Аляксандр Лукашэнка прадставіў Святому Айцу Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, пасла Беларусі пры Святым Пасадзе Сяргея Алейніка, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гуляку і іншых суправаджаючых яго асоб.
Разам з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам Аляксандр Лукашэнка наведаў выставу “Іканапіс Беларусі XVII-ХХІ стст.”, якая 18 мая 2016 г. адкрылася ў Ватыканскіх музеях.
Тут яго сустракалі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, настаяцель праваслаўнага Усіхсвяцкагага прыходу Мінска, протаіерэй Фёдар Поўны і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. У выкананні мужчынскага хору і вядомай ў Беларусі спявачкі Патрыцыі Курганавай прагучалі некалькі праваслаўных і каталіцкіх духоўных твораў.
Падчас наведвання выставы Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што ў будучыні ў Ватыкане пройдзе больш масштабная выстава беларускіх ікон. Ён станоўча ацаніў ідэю запрашэння ў Беларусь дырэктара Ватыканскіх музеяў, прафесара Антоніа Паолучы і стажыроўкі беларускіх рэстаўратараў у ватыканскіх майстэрнях.
На заканчэнне візіту Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з папам Францішкам. Ён падкрэсліў, што размова была вельмі душэўнай і цёплай.
“Пантыфік абсалютна згодны, што для яго настаў час прыехаць у Беларусь. Ён вельмі добра знаёмы з сітуацыяй у Беларусі, як у католікаў так і ў праваслаўных. Ён вельмі добра ведае пра тую міжканфесійную згоду, якая пануе ў нас, аб сітуацыі ў сацыяльнай сферы, у эканоміцы. Ён абсалютна дасведчаны, жывы чалавек і прама сказаў: “Так я павінен пабываць у Беларусі”, - сказаў Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, ён прапанаваў Папу правесці сустрэчу з Патрыярхам Кірылам на тэрыторыі Беларусі.
“Усё ў руках Госпада. Я думаю, калі Ён благаславіць, вышэйшыя іерархі Праваслаўнай і Каталіцкай Царквы сустрэнуцца на беларускай зямлі і, думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага свету, і юдэяў і прадстаўнікоў іншых канфесій”, - сказаў палітык.
Гаворачы аб магчымай нагодзе для падобнай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падзяліўся меркаваннем, што ёй можа стаць сумеснае ўшанаванне памяці загінулых у Першай і Другой сустветных войнах. Тут жа магло б адбыцца закладанне новага храму ці капліцы, напрыклад на тэрыторыі былога канцлагера ў Трасцянцы, дзе былі спалены тысячы людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.
Цэнтральнае месца ў размове са Святым Айцом заняла таксама сітуацыя ва Украіне. “Пантыфік шмат цікавіўся сітуацыяй у рэгіёне, асабліва ў сувязі з канфліктам ва Украіне. Па-праўдзе кажучы я выказаў сваю пазіцыю: што цяперашняя сітуацыя на ўсходзе Украіны мае патрэбу ў новых ініцыятывах, і пажадана духоўных”, - сказаў ён.
Паводле кіраўніка дзяржавы, міратворчаму працэсу магла б пасадзейнічаць сустрэча Папы і Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы.
“У дадзеным выпадку я запрасіў іх у Беларусь. Мы б запрасілі духавенства і еўрапейскае, і украінскае, і расійскае, і наша. Селі б, паразмаўлялі, а потым усе разам, перад мільёнамі паломнікаў, памаліліся за мір. Я думаю, гэта была б добрая ініцыятыва ў развіцці мінскіх дамоўленасцяў, якія калісьці былі ініцыяваныя палітыкамі”, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля размовы з журналістамі Прэзідэнт Беларусі пакінуў Ватыкан.
All the contents on this site are copyrighted ©. |