2016-05-20 12:47:00

Святы Айцец сустрэўся з італьянскімі футбалістамі


Францішак сустрэўся 20 мая 2016 г. з прадстаўнікамі італьянскай Нацыянальнай Прафесійнай Лігі Серыі А, а таксама з ігракамі футбольных клубаў “Ювэнтус” і “Мілан” перад фінальным матчам Кубка Італіі, які пройдзе на рымскім Алімпійскім стадыёне.

Пантыфік выказаў сваё станоўчае стаўленне да футболу і спорту ў цэлым і падкрэсліў, што футбалісты, за якімі сочыць такая вялікая колькасць прыхільнікаў, закліканы сваімі паводзінамі сведчыць пра сапраўдныя спартыўныя каштоўнасці і дэманстраваць найлепшыя якасці актыўных і мэтанакіраваных атлетаў.

Поспех каманды, перакананы Францішак, залежыць ад цэлай сукупнасці якасцяў: гармоніі, адданасці, здольнасці да сяброўства і дыялогу, салідарнасці. “Гаворка ідзе пра духоўныя каштоўнасці, якія становяцца таксама спартыўнымі. Практыкуючы іх, вы зможаце зрабіць больш відавочнай сапраўдную мэту, да якой імкнецца свет спорту”, - сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў сваім суразмоўцам, што кожны з іх, перш чым быць футбалістам, з’яўляецца чалавекам, са сваімі недахопамі і абмежаваннямі, але таксама са свядомасцю, асветленай адносінамі з Богам. Ён заклікаў футбалістаў да братэрства, узаемапавагі, паразумення і здольнасці прабачаць, пажадаў, каб у кожным з іх чалавек гарманічна суіснаваў са спартсменам. “Будзьце чэмпіёнамі ў спорце, але, перш за ўсё, у жыцці!”, - сказаў на заканчэнне Святы Айцец і пажадаў, каб “гульня ў футбол была станоўчым пасланнем для ўсяго грамадства”.








All the contents on this site are copyrighted ©.