2016-05-20 15:54:00

Ватыканскі прэфект заклікаў СМІ спрыяць дыялогу


“Дапамажыце Каталіцкаму Касцёлу ўзняць свой позірк, а не апускаць да зямлі”, - заклікаў кс. Дарыё Вігано, прэфект Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы 19 мая 2016 г. падчас св. Імшы ў рымскай базыліцы св. Яна на Латэране з нагоды Юбілею супрацоўнікаў сродкаў масавай камунікацыі.

Святар падкрэсліў, што міласэрнасць і камунікацыя, міласэрнасць і мастацтва з’яўляюцца спосабам узбудзіць ва ўсіх творчых асобах пачуццё адказнасці за тое, каб сваёй працай і прафесійнымі здольнасцямі рабіць бачным аблічча міласэрнага Бога.

Кс. Вігано нагадаў аб адказнасці за словы, якія пішам або прамаўляем: “Вельмі важна выкарыстоўваць усе магчымыя сэнсавыя адценні, якімі валодаюць словы: не ўсё з’яўляецца трагедыяй, не ўсё – драмай; бываюць праблематычныя сітуацыі, здараюцца моманты душэўных хваляванняў, якія, аднак, могуць адкрыць новую перспектыву, гарызонт надзеі”. Кіраўнік дыкастэрыі заклікаў праз словы будаваць дыялог, акрэсліваць гарызонты для сустрэч, накіраваных на пошук рашэнняў праблем.

Прэфект звярнуў увагу на неабходнасць пераадолення разрыву, які існуе паміж доступам да сродкаў камунікацыі ў вялікіх гарадах і на перыферыі. У гэтым кантэксце ён спаслаўся на энцыкліку Папы Францішка “Laudato si’”, у якой гучыць тая ж заклапочанасць: індустрыя культуры жыве ў цэнтрах гарадоў, бо там сканцэнтравана эканамічнае жыццё. Людзям жа, пазбаўленым інфармацыі, значна цяжэй жыць, змагацца, марыць, спадзявацца.

Кс. Вігано нагадаў пазіцыю Святога Айца, які перакананы, што сустрэча камунікацый і міласэрнасці становіцца плённай, калі нараджае пачуццё блізкасці. У сваю чаргу прэфект дадаў, што гэтая плённасць мае месца тады, калі слова ўмее абудзіць глыбока ў сэрцы чалавека Божую задуму.








All the contents on this site are copyrighted ©.