2016-05-18 12:04:00

Іконы з Беларусі ўбачаць наведвальнікі Ватыканскіх музеяў


Выстава сакральнага мастацтва “Іканапіс Беларусі ХVII-XXI стагоддзяў” 18 мая 2016 г. афіцыйна адчыня дзверы ў Ватыканскіх музеях. У экспазіцыі – 31 ікона і два чаканных аклады. Большасць экспанатаў прывезены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і тры – з фондаў “Дома міласэрнасці” Усіхсвяцкага праваслаўнага прыхода Мінска. Гэта прыклады каталіцкай, праваслаўнай мастацкай традыцыі, а таксама іконы, якія ўшаноўваюцца вернікамі абедзвюх хрысціянскіх канфесій, напрыклад, абразы Мінскай і Барунскай Маці Божай. Гэты масштабны праект ужо назвалі першым падобным у сучаснай гісторыі – тут не толькі супрацоўніцтва двух музеяў, але і двух дзяржаў – Беларусі і Ватыкана.  

Прэзідэнт Беларусі ўжо павіншаваў арганізатараў і ўдзельнікаў. Ён лічыць выставу “ўнікальным праектам”, які “дэманструе непарыўныя духоўныя і эстэтычныя сувязі еўрапейскіх народаў, іх прыхільнасць да рэлігійных ідэалаў і каштоўнасцяў”. “Паказ нацыянальнага іканапісу Беларусі ў сценах Ватыкана з’яўляецца знамянальнай падзеяй і важным крокам на шляху асэнсавання бясцэннай спадчыны беларускай культуры, неад’емнай часткай якой з’яўляецца хрысціянскае мастацтва”, - напісаў Аляксандр Лукашэнка. 

Выстава таксама прысвечана Юбілейнаму Году Міласэрнаці, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле. Яна рыхтавалась амаль дзевяць гадоў з удзелам дыпламатаў, супрацоўнікаў Міністэрства культуры, беларускага і ватыканскага музеяў. Таму адкрыццё экспазіцыі таксама пройдзе асабліва ўрачыста: чакаецца прысутнасць арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, настаяцеля Усіхсвяцкага праваслаўнага прыхода Мінска, прадстаўнікоў пасольства Беларусі ў Італіі. Прыбудзе пасол Беларусі пры Святым Пасадзе. На адкрыцці прагучыць спевы ў выкананні праваслаўнага хору з Мінска. 

Эскпазіцыя ўжо змантавана і чакае афіцыйнага адкрыцця. Іконы змешчаны ў спецыяльных вітрынах са шкла, каб кожны змог падрабязна ўбачыць прыклады беларускага сакральнага мастацтва. Выстава будзе працаваць больш за два месяца – да 25 ліпеня 2016 г., і ўвесь гэты час у Ватыканскіх музеях будуць раздаваць буклеты на чатырох мовах – беларускай, рускай, італьянскай і англійскай, каб наведвальнікі – а кожны год Ватыканскія музеі прымаюць каля 5 млн. чалавек з усяго свету – не толькі ўбачылі, але і больш даведаліся пра беларускую духоўную спадчыну і ўзаемадзеянне культур Захада і Усхода, на срыжаванні якіх знаходзіцца Беларусь.








All the contents on this site are copyrighted ©.