2016-05-17 13:03:00

Францішак: святарства – гульня з найвышэйшай стаўкай


Папа нагадаў пра галоўныя рысы святара і падкрэсліў, што ў апошнія гады значна змяніўся культурны кантэкст, у якім прыходзіцца выконваць гэту паслугу. 16 мая 2016 г. у Ватыкане ён узяў удзел у адкрыцці 69-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Італіі.
 
Пантыфік адзначыў, што сучасны святар на сваім шляху сустракае ўсё больш і больш людзей, якім не хапае ў жыцці апорнай кропкі, якія думаюць толькі пра сябе, забываючыся пра братоў. Ён нагадаў, што святар у душпастырскіх адносінах не можа кіравацца халоднай строгасцю і крытэрыем эфектыўнасці. Францішак заклікаў духавенства жыць у пакоры, адкрытасці і салідарнасці.

Менавіта адносіны з Хрыстом захоўваюць святара ад марнасці гэтага свету і рознага роду кампрамісаў і дробязнасці. “Для святара жыццёвым пытаннем з’яўляецца трыванне ў супольнасці прэсбітэраў. Гэты досвед – калі яго перажываюць не зрэдку і не пад прымусам практычнага супрацоўніцтва – захоўвае ад клерыкальнага нарцысцызму і зайздрасці; умацоўвае ўзаемную павагу, падтрымку і дабрыню; спрыяе камуніі, не толькі сакрамэнтальнай ці кананічнай, але і братэрскай і канкрэтнай”, - лічыць Папа.

Разважаючы пра самую важную матывацыю святара, якая палягае на ахвяраванні сабой, Францішак перасцярог духавенства ад жыцця поўнага разліку. Ён падкрэсліў, што святарства з’яўляецца гульнёй з найвышэйшай стаўкай; бескарыслівым, пакорлівым служэннем, нават калі яго не цэняць. Паводле Папы, пробашч – гэта перш за ўсё чалавек Вялікадня, які не адрывае вачэй ад Божага Валадарства, да якога імкнецца ўся гісторыя чалавецтва. 








All the contents on this site are copyrighted ©.