2016-05-16 11:39:00

Пантыфік: місійны Касцёл – сведка міласэрнасці


Касцёл клапоціцца пра тых, хто не знаёмы з Евангеллем, бо жадае, каб усе былі збаўлены і сустрэліся з любоўю Пана, гаворыцца ў пасланні папы Францішка на Сусветны дзень місій, які будзе адзначацца 23 кастрычніка 2016 г. Дакумент Святога Айца быў апублікаваны 15 мая 2016 г. У ім Францішак падкрэсліў, што “абвяшчэнне Божай міласэрнасці – пульсуючага сэрца Евангелля”, гэта місія Касцёла.

Пантыфік падкрэсліў, што веліч і магутнасць Бога “праяўляюцца менавіта ў Яго здольнасці прыпадабняцца да малых, адчужаных, прыгнечаных”. Бог – лагодны, уважлівы, верны і набліжаецца да патрабуючых”, асабліва да бедных. Ён са спагадай клапоціцца пра чалавечую рэчаіснасць, на падабенства бацькі і маці, якія клапоцяцца пра сваіх дзяцей, заўважыў Францішак.

Паводле слоў Папы, красамоўным знакам такой мацярынскай любові Бога з’яўляецца жаночая прысутнасць у місіянерскім свеце, якая пастаянна расце. Ёсць шмат свецкіх і кансэкраваных жанчын, а таксама сем’яў, якія спаўняюць сваё місійнае пакліканне праз абвяшчэнне Евангелля або дабрачынную дзейнасць. Менавіта жанчыны і сем’і найлепш разумеюць праблемы людзей і маюць здольнасць вырашаць іх належным і часам нечаканым чынам, лічыць Францішак. 

Святы Айцец падкрэсліў, што сем’і здольныя “будаваць гармонію, адносіны, мір, салідарнасць, дыялог, супрацоўніцтва і братэрства” у міжасабовых адносінах, у грамадскім жыцці і дапамозе бедным, аказваючы клопат пра жыццё і надаючы большую ўвагу людзям, а не структурам.

Францішак перакананы, што робячы з уласнага жыцця дар можна стаць міласэрнымі, як Нябесны Айцец. Гэтай мэты можна дасягнуць прымаючы і наследуючы навучанне Езуса – уцелаўлёнага Слова, у якім “міласэрнасць знаходзіцца свой самы высокі выраз”.

Напрыканцы свайго паслання Францішак заўважыў, што Евангелле прабачэння і міласэрнасці нясе “радасць і згоду, справядлівасць і мір”. Ён падкрэсліў, што ў  многіх месцах “евангелізацыя бярэ пачатак з адукацыйнай дзейнасці”, а таксама нагадаў, што вера – гэта Божы дар, які расце дзякуючы веры і любові евангелізатараў, сведкаў Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.