2016-05-16 14:08:00

Ватыканскі дыпламат у ААН: тэрарызм прысвойвае сабе рэлігію


“Рэлігійныя лідэры і вернікі павінны першымі абвяшчаць, што нікому не дазволена маніпуляваць верай і выкарыстоўваць сакральныя тэксты для апраўднання насілля”, - падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН. Арцыбіскуп Ауса прыняў удзел у дыскусіі, якая прайшла 11 мая 2016 г. у Радзе Бяспекі на тэму барацьбы з тэрарыстычнай прапагандай.

Ватыканскі дыпламат назваў годнымі асуджэння паводзіны людзей, якія называюць сябе веруючымі і ў той жа час плануюць або здзейсняюць учынкі, што супярэчаць фундаментальным правам і годнасці чалавека. 

Арцыбіскуп Ауса падкрэсліў, што рэлігійныя ўлады павінны выкрываць памылковыя і ідэалагічныя інтэрпрытацыі веры, якія на самой справе з’яўляюцца блюзнерствам. Ён указаў на фундаментальнае значэнне адукацыі ў сферы барацьбы з тэрарыстычнай прапагандай. Вярбоўка ў тэрарыстычныя групоўкі галоўным чынам адбываецца з выкарыстаннем дэзынфармацыі і скажонага тлумачэння гісторыі і сакральных тэкстаў, падкрэсліў дыпламат.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы высока ацаніў значэнне Міжнароднай канферэнцыі мусульманскіх вучоных і інтэлектуалаў, якая прайшла ў студзені 2016 г. у Маракешы і падпісанай на ёй дэкларацыі аб неабходнасці правядзення мужнага перагляду адукацыйных праграм і выключэння з іх усяго, што правакуе агрэсію і экстрэмізм, вядзе да вайны і хаосу.

“Мая дэлегацыя лічыць, што чым больш адбываецца маніпуляцый рэлігіяй для апраўднання актаў тэрору і насілля, тым больш рэлігійныя лідэры павінны прыкладаць намаганні, каб перамагчы тэрарызм, які прысвойвае сабе рэлігію”, - сказаў пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку.








All the contents on this site are copyrighted ©.