2016-05-14 16:08:00

Віцебская дыяцэзія і ДАІ: “З Богам па дарогах”


Упершыню такое незвычайнае мерапрыемства зладзілі ў Віцебску: 14 мая 2016 г. мясцовая каталіцкая дыяцэзія і ДАІ правялі сумесную прафілактычную акцыю для матацыклістаў. На мерапрыемства “З Богам па дарогах”, якую ініцыяваў пробашч катэдральнага касцёла, кс. Андрэй Аніскевіч, сабраліся некалькі дзесяткаў матацыклістаў.

Мотакалона праехала ад гандлёвага цэнтра “Карона” практычна праз увесь Віцебск да катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Тут біскуп Алег Буткевіч прывітаў байкераў і благаславіў іх на пачатак сезона. У храме матацыклісты пачулі цудоўныя спевы ў суправаджэнні аргана: “Магутны Божа”, “Авэ, Марыя”, “Малітва” Булата Акуджавы. Пасля пробашч асвяціў тэхніку і запрасіў матацыклістаў на гарбату, каб паразмаўляць пра паняцце свабоды, якая не павінна абмяжоўваць свабоду іншых і пагражаць бяспецы, каб заклікаць не парушаць правілы, не шумець па начах.

Кс. Андрэй Аніскевіч сам з’яўляецца байкерам ужо 23 гады, і праехаў у калоне на сваёй “Хондзе”, паведаміў ён Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё: “Мы збіраемся разам з матацыклістамі, каб паказаць, падкрэсліць моцны фундамент, якім з’яўляецца Бог, што без Бога немагчыма жыць, немагчыма нічога. Таму збіраемся, каб пасвяціць нашыя матацыклы, каб паказаць, што мы адна сям’я, падтрымліваем адзін аднаго, з’яўляемся адказнымі за іншых людзей, што нашая свабоды не павінна пагражаць свабодзе іншых. Гавораць розныя рэчы пра матацыклістаў, што яны сябе нядобра паводзяць, маюць нейкія кланы, што яны страшэнныя людзі, але не: мы звычайныя людзі са сваімі праблемамі і цяжкасцямі. Незалежна ад таго, ці мы ў сутане, ці ў байкерскім адзенні, мы ўсе адна сям'я. Сённяшняе мерапрыемства прысвечана гэтай узаемападтрымцы, а таксама малітве 
– за памерлых, за тых, хто загінуў у дарожных катастрофах, за каго ніхто не моліцца, каб падтрымаць нашай малітвай усіх тых, хто ўдзельнічае ў дарожных руху”, - сказаў святар.

Матацыкліст Зміцер Сарокін мае 14-гадовы байкерскі стаж, але ў такой акцыі ўдзельнічаў упершыню: “Мяне запрасілі да ўдзелу ў акцыі, я пагадзіўся, бо мне захацелася падтрымаць байкерскі рух і ўбачыць нешта новае, у касцёле я да гэтага часу не быў ні разу. Я лічу, што калі можна крыху перавысіць хуткасць, то толькі на трасе, не ў горадзе, і шумець таксама нельга, бо людзі хочуць адпачываць, трэба іх таксама разумець. Трэба трымацца правілаў дарожнага руху, бо гэта бяспека не толькі свая, але і іншых. Трэба перш думаць пра іншых, потым пра сябе. З ксяндзом Андрэем я пазнаёміўся нядаўна, ён запрасіў мяне да ўдзелу, я лічу, гэта нармальна, што ён кіроўца матацыкла, што ён байкер. А біскуп увогуле вельмі класны чалавек, малайчына, вельмі спадабаўся, такіх людзей мала на свеце”, - сказаў байкер.

Яшчэ адзін госць, Ігар па запрашэнні кс. Андрэя прыехаў з Лепеля: “У мінулым годзе ў Лепелі мы ўжо прымалі ўдзел у падобнай акцыі, асвяцілі матацыклы, і дзякуй Богу, дагэтуль катаемся без здарэнняў. Важна мець стасункі, паказваць, што мы адносімся да нармальных людзей, падтрымліваем Касцёл. Гэта другое маё мерапрыемства, і спадзяюся, не апошняе, ужо як традыцыя, і нашы хлопцы лепельскія падтрымліваюць. Так атрымалася, што наш сябар, мотабрат – святар Каталіцкага Касцёла, ён нас згуртоўвае, нам ён падабаецца, падабаецца яго рух, падабаецца прыязджаць сюды, падтрымліваць”, - сказаў удзельнік акцыі.

Кс. Андрэй рады, што першая спроба ўдалася, і ўжо плануе яшчэ больш масавае байкерскае мерапрыемства на заканчэнне мотасезона.

Павел Міцкевіч, Віцебск.








All the contents on this site are copyrighted ©.