2016-05-14 13:57:00

Апублікавана праграма візіту Папы ў Арменію


 

З моцным экуменічным акцэнтам пройдзе візіт папы Францішка ў Арменію. Гэта вынікае з яго афіцыйнай праграмы. Падарожжа Святога Айца будзе працягвацца тры дні: 24-26 чэрвеня 2016 г.  

Яго першым пунктам стане Ерэван. 24 чэрвеня Пантыфік памоліцца ў Эчміядзінскім катэдральным саборы і сустрэнецца з Вярхоўнага Патрыярхам і Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ. У гэты ж дзень пройдуць яго сустрэчы з Прэзідэнтам Арменіі, прадстаўнікамі ўладаў і дыпламатычнага корпуса.

25 чэрвеня Францішак наведае мемарыяльны комплекс ахвярам знішчэння армян у Асманскай імперыі. Затым накіруецца ў Гюмры – другі па велічыні армянскі горад, які асабліва пацярпеў падчас Спітаксакага землятрусу ў 1988 г. Менавіта тут пражывае большасць католікаў армянскага абраду. Папа ўзначаліць Эўхарыстыю на цэнтральнай плошчы Гюмры, а таксама наведае два катэдральных саборы: Армянскай Апостальскай Царквы і Армянскай Каталіцкай Царквы. Вечарам Пантыфік вернецца ў Ерэван для ўдзелу ў экуменічнай малітве за мір.

26 чэрвеня Святы Айцец сустрэнецца з армянскімі каталіцкімі біскупамі ў Эчміядзінскім палацы і прыме ўдзел у літургіі ў катэдральным саборы Армянскай Апостальскай Царквы. Затым Францішак сустрэнецца з дэлегатамі і дабрачынцамі Армянскай Апостальскай Царквы і падпіша супольную дэкларацыю.

Перад адпраўленнем у Рым Пантыфік памоліцца ў манастыры Хор Вірап, ля падножжа гары Арарат. Паводле традыцыі ў ім на працягу 12 гадоў утрымліваўся ў няволі св. Грыгорый Асветнік – першы Каталікос усіх армян.








All the contents on this site are copyrighted ©.