Святы Айцец Францішак прыняў 13 мая 2016 г. у Ватыкане на прыватнай аўдыенцыі Беату Шыдла, прэм’ер-міністра Рэспублікі Польшча. Пазней кіраўнік ураду сустрэлася з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.
Падчас сардэчных размоў быў адзначаны станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё польскага грамадства. Гаворка ішла пра візіт, які Святы Айцец здзейсніць у краіну ў ліпені з нагоды Сусветных дзён моладзі, і пра нядаўнія ўрачыстасці 1050-годдзя Хросту Польшчы, у якіх прыняў удзел у якасці папскага легата кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.
Увага была засяроджана на некаторых тэмах, што ўяўляюць узаемную цікавасць, такіх, як падтрымка сям’і ў сучасным сацыяльна-культурным кантэксце і прыём бежанцаў. Былі ўзняты пытанні міру і бяспекі, якія выклікаюць заклапочанасць міжнароднай супольнасці, у кантэксце канфлікту ў Сірыі і гуманітарнай сітуацыі ва Украіне і на Блізкім Усходзе.
All the contents on this site are copyrighted ©. |