2016-05-13 13:51:00

Бліжэйшыя літургічныя цэлебрацыі з удзелам Пантыфіка


У хуткім часе Святы Айцец здейсніць два апостальскіх падарожжы – ў чэрвені наведае Арменію, а ў ліпені адправіцца ў Польшчу, каб прыняць удзел у XXXI Сусветных днях моладзі. 13 мая 2016 г. была апублікавана афіцыйная праграма літургічных мерапрыемстваў з удзелам Пантыфіка на бліжэйшыя месяцы.

3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Францішак узначаліць св. Імшу на ватыканскай плошчы ў рамках Юбілею святароў. 5 чэрвеня там жа ён будзе цэлебраваць літургію, падчас якой здзейсніць кананізацыю кс. Станіслава Папчынскага і шведскай законніцы Марыі Элізабэты Хэсэльблад. Праз тыдзень, 12 чэрвеня, Францішак узначаліць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра ў рамках Юбілею хворых і няпаўнаспраўных. 20 чэрвеня ён прыме ўдзел у кансісторыі па кананізацыйных справах, які пройдзе ў Ватыкане. З 24 па 26 чэрвеня Святы Айцец будзе знаходзіцца з апостальскім візітам ў Арменіі, а ўжо 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, узначаліць св. Імшу ў ватыканскай базіліцы, падчас якой благаславіць паліі для новапрызначаных арцыбіскупаў-мітрапалітаў.

Галоўнай падзеяй ліпеня стануць XXXI Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у польскім Кракаве. Яны распачнуцца 20 ліпеня і будуць доўжыцца дзесяць дзён. Святы Айцец далучыцца да маладых вернікаў напрыканцы сустрэчы: яго візіт у Польшчу запланаваны на 27-31 ліпеня.

Нарэшце, 4 верасня, у XXIII Звычайную нядзелю, на ватыканскай плошчы Францішак будзе цэлебраваць літургію ў рамках Юбілею працаўнікоў і валанцёраў сферы дабрачыннасці. Падчас гэтай св. Імшы адбудзецца кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты.








All the contents on this site are copyrighted ©.