2016-05-12 14:34:00

Францішак сустрэнецца з былымі вязнямі “Аўшвіц-Біркенаў”


Францішак 29 ліпеня 2016 г. падчас свайго візіту ў Польшчу сустрэнецца ў былым нацысцкім канцлагеры “Аўшвіц-Біркенаў” з яго вязнямі. Пантыфік асабіста настаяў на такой важнай для яго сустрэчы, прызнаўся Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Ёзэф Клеменс, сакратар Папскай рады па справах свецкіх. Ён таксама паведаміў, што Папа хоча заставіць там “Знак міласэрнасці”.

Згодна з праграмай, у “Аўшвіц” Францішак, між іншым, наведае камеру смерці забітага нацыстамі і абвешчана святым айца Максіміліяна Кольбэ, дзе правядзе некалькі хвілін у малітве. Візіт Папы ў былы нямецкі канцлагер адбудзецца з нагоды яго прыбыцця на Сусветныя дні моладзі ў Кракаве.

Францішак будзе трэцім Папам, які прыедзе ў “Аўшвіц-Біркенаў”, дзе загінулі больш за мільён чалавек. Перад ім мемарыял наведалі Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Яны абодва маліліся ў камеры смяротнікаў, дзе загінуў мучаніцкай смерцю св. Максіміліян Кольбэ.

Ян Павел II прыехаў у былы канцлагер падчас свайго першага апостальскага візіту ў Польшчу – 7 чэрвеня 1979 г. Больш за мільён вернікаў і 200 былых вязняў прынялі тады ўдзел у св. Імшы з Папам пры алтары, усталяваным на былой рампе лагеру смерці.

Бэнэдыкт XVI наведаў “Аўшвіц-Біркенаў” 28 мая 2006 г. Папа прайшоў праз вароты з надпісам “Arbeit macht frei” і сустрэўся з 32 былымі зняволенымі канцлагера. Ён таксама наведаў Цэнтр дыялогу і малітвы, створаны для садзейнічання дыялогу і прымірэнню паміж яўрэямі і хрысціянамі, а таксама паміж народамі, да якіх належалі злачынцы і ахвяры. Затым ля Міжнароднага Помніка Пакутніцтва Нацый Бэнэдыкт XVI узначаліў экуменічнае набажэнства.








All the contents on this site are copyrighted ©.