2016-05-12 12:58:00

Папа: дзе хрысціяне ваююць паміж сабой – там няма сведчання


Езус моліцца аб адзінстве хрысціян, але ў Касцёле ёсць сейбіты разладу, якія сваёй мовай дзеляць і нішчаць, сказаў папа Францішак 12 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы, якімі Хрыстус маліўся напярэдадні сваёй мукі: “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Ян 17,21).

“Адзінства хрысціянскіх супольнасцяў, хрысціянскіх сем’яў – гэта сведчанне: сведчанне таго факту, што Айцец паслаў Езуса. Дасягненне адзінства – у хрысціянскай супольнасці, парафіі, епіскапаце, хрысціянскай структуры, хрысціянскай сям’і, напэўна, адна з самых складаных спраў. Наша гісторыя, гісторыя Касцёла часта прымушае нас саромецца, бо мы ваявалі супраць нашых братоў хрысціян (...). Дзе хрысціяне ваююць паміж сабой – там няма сведчання”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў прасіць прабачэння ў Пана за “гісторыю мноства падзелаў”, якія адбываліся не толькі ў мінулым, але працягваюцца і сёння, з’яўляючыся прычынай абурэння свету. Папа прыгадаў анекдатычнае пытанне католіка з Захаду да католіка з Усходу: “Мой Езус уваскрэсне паслязаўтра. А твой, калі ўваскрэсне?”. “Нават у пытанні Пасхі мы не адзіныя”, - з жалем заўважыў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што праз зайздасць д’ябла грэх увайшоў у свет не абмінаючы хрысціянскіх супольнасцяў, дзе звычайнымі сталі эгаізм, зайздрасць, падзелы, што вядуць да ўзаемных абвінавачванняў і знішчэння добрага імя іншага чалавека. 

З вуснаў Святога Айца прагучаў заклік да малітвы аб ласцы Святога Духа для перамогі над падзеламі ў супольнасцях, парафіях і дыяцэзіях.








All the contents on this site are copyrighted ©.