2016-05-11 11:12:00

Францішак: быць міласэрнымі, як Айцец


Падчас агульнай аўдыенцыі у Ватыкане 11 мая 2016 г. папа Францішак заклікаў вернікаў быць “міласэрнымі, як Айцец”. Каментуючы евангельскую прыпавесць пра блуднага сына (Лк 15,11-32) Пантыфік заўважыў, што бацька ў ёй не прадстае ў вобразе абражанага і раздражнёнага чалавека, але таго, хто прымае ў абдымкі і чакае з любоўю.

“Міласэрнасць айца – празмерная, нічым не абумоўленая і праяўляецца яшчэ перад тым, як сын пачаў гаварыць. Канешне, сын ведае, што памыліўся і прызнае гэта: “Ойча, я зграшыў... прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. Але гэтыя словы рассейваюцца перад прабачэннем айца. Абдымкі і пацалунак ягонага бацькі, дапамагаюць зразумець, што нягледзячы ні на што ён заўсёды лічыўся сынам. Гэты ўрок Езуса – важны: наш стан дзяцей Божых, гэта плён сардэчнай любові Айца; ён не залежыць ад нашых заслугаў і чынаў і таму нас ніхто не можа яго пазбавіць, нават д’ябал. Ніхто нас не можа пазбавіць гэтай годнасці”, - сказаў Папа.

На думку Пантыфіка, гэтыя словы Езуса заахвочваюць ніколі не трапляць у роспач. 

“Я думаю пра маці і бацькаў, якія турбуюцца калі бачаць, як іх дзеці аддаляюцца, становячыся на небяспечныя шляхі. Я думаю пра пробашчаў і катэхетаў, якія часам пытаюць сябе, ці не была іх праца дарэмнай. Думаю таксама пра тых, хто знаходзіцца ў турме, і каму здаецца, што жыццё скончылася; пра тых, хто зрабіў памылковы выбар і не здольны глядзець у будучыню; пра ўсіх, хто прагне міласэрнасці і прабачэння і думае, што не заслугоўвае іх... У кожнай жыццёвай сітуацыі, я ніколі не павінен забываць, што з’яўляюся сынам Божым, сынам Айца, які мяне любіць і чакае майго вяртання. Нават у самых кепскіх жыццёвых сітуацыях Бог мяне чакае, жадае абняць”, - сказаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на паводзіны старэйшага сына, які заўсёды заставаўся ў доме айца і цяпер папракаў яго, за тое, што той ніколі не даў нават казляняці, каб ён павесяліўся з сябрамі сваімі. “Бедны бацька! Адзін сын зышоў, а другі ніколі не быў яму па-сапраўднаму блізкі!”, - сказаў Папа. 

“Старэйшы сын, таксама мае патрэбу ў міласэрнасці. Тыя, хто лічыць сябе слушнымі таксама патрабуюць міласэрнасці! Ён з’яўляецца вобразам нас, калі пытаем сябе ці варта прыкладаць намаганні, калі потым не атрымаем нічога наўзаем. Езус нам нагадвае, што ў доме Айца не застаюцца, каб атрымаць ўзнагароду, але таму што маюць годнасць суадказных сыноў. Гаворка не ідзе пра тое, каб “гандлявацца” з Богам, але ісці за Езусам, які без меры падарыў самога сябе на крыжы”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Малодшы сын лічыў, што заслугоўвае пакарання за свае правіны, а старэйшы – ўзнагароды, за сваю службу. Логікай айца, аднак, з’яўляецца міласэрнасць, заўважыў Папа.

“Два браты не размаўляюць паміж сабой, жывуць рознымі гісторыямі, але абодва думаюць згодна з чужой Езусу логікай: калі робіш добра – атрымаеш узнагароду, калі робіш кепскай – будзеш пакараны. Гэта логіка падарвана словамі Айца: “Цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. Айцец вярнуў згубленага сына, а зараз можа таксама вярнуць ягонага брата! Без малодшага, таксама і старэйшы сын перастане быць “братам”. Самая вялікая радасць айца ў тым, каб бачыць, што яго сыны прызнаюць сябе братамі”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што напрыканцы прыпавесці застаецца невядома, які выбар зрабіў старэйшы сын: вырашыў далучыцца да радасці айца або адмовіцца ад яе. Папа перакананы, што гэта евангельскае апавяданне заклікае вернікаў увайсці ў дом Айца і ўдзельнічаць у Яго радасці, свяце міласэрнасці і братэрства, адкрыць сэрцы, каб быць міласэрнымі, як Ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.