2016-05-09 15:48:00

Святы Айцец заклікаў дабрачынцаў клапаціцца пра сваю веру


9 мая 2016 г. папа Францішак прыняў на традыцыйнай штогадовай аўдыенцыі членаў “Кола св. Пятра” – арганізацыі, якая ад імя Пантыфіка займаецца дабрачыннай дзейнасцю на тэрыторыі Рымскай дыяцэзіі. Святы Айцец назваў гэта аб’яднанне вобразам Касцёла, які выходзіць насустрач людзям: “Касцёла, які крочыць, каб шукаць, наведваць, сустракаць, слухаць, падтрымліваць самых бедных і дзяліцца з імі”.

“Кожны з вас пакліканы не проста ісці насустрач самым патрабуючым, але ісці, несучы ім Езуса. Гэта значыць ісці, як вучні, сябры Пана; гаворка ідзе пра тое, каб дзяліцца Яго евангельскім словам, паўтараць Яго жэсты прабачэння, любові, дару, не шукаць уласнага прэстыжу, а дабра іншых”, - падкрэсліў Папа.

Францішак указаў дабрачынцам на прыклад Маці Божай, якая вырушыла на сустрэчу з Альжбетай, каб прынесці ёй Бога, якога насіла ва ўласным ўлонні. “Марыя – гэта “ікона” веры. Толькі з верай можна несці Езуса, а не саміх сябе. У гэты Святы Год Міласэрнасці, мы пакліканы абнавіцца ў веры. Каб Пан мог наведаць пакутуючых целам і духам, мы павінны клапаціцца пра сваю веру, якая нараджаецца ад слухання Божага Слова і пошуку глыбокага адзінства з Езусам”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў членаў “Кола св. Пятра” працягваць сведчыць аб Евангеллі любові і ўсё больш станавіцца знакамі і прыладамі спагады Бога да кожнага чалавека, асабліва на найбольш безабаронных і адчужаных. 








All the contents on this site are copyrighted ©.