2016-05-08 12:20:00

Францішак павіншаваў з Днём сацыяльнай камунікацыі


Пантыфік павіншаваў работнікаў СМІ. 8 мая 2016 г. у Касцёле адзначаецца 50-ы Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі. Францішак нагадаў, што з ініцыявай абвяшчэння такога дня выступілі ўдзельнікі Другога Ватыканскага Сабора. 

Гэта, паводле Папы, адбылося таму, што “Саборныя Айцы, разважаючы пра Касцёл у сучасным свеце, разумелі выключную важнасць камунікацыі, якая можа будаваць масты паміж людзьмі, сем’ямі, сацыяльнымі групамі і народамі. І гэта, як у фізічным вымярэнні, так і ў лічбавым”. 

“Звяртаюся да ўсіх, хто працуе ў сродках масавай камунікацыі з сардэчным віншаваннем, і спадзяюся, што наш спосаб камунікацыі ў Касцёле заўсёды будзе мець выразны евангельскі стыль, стыль, які спалучае ў сабе праўду і міласэрнасць”, - сказаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Regina Caeli”.

“Камунікацыя і міласэрнасць – плённая сустрэча”, – так гучыць тэма 50-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі. Свята – гэта адзіны сусветны дзень, устаноўлены Другім Ватыканскім Саборам, і ён святкуецца ў многіх краінах свету ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. На гэты Дзень Пантыфік заўсёды кіруе сваё пасланне.

Камунікацыі павінны будаваць масты, загойваць раны і кранаць чалавечыя сэрцы. Такую думку выказаў Папа ў сваім сёлетнім пасланні. Ён падкрэсліў неабходнасць ужывання адпаведных слоў, “каб выйсці з заганнага кола крытыкі і помсты, у якое працягваюць трапляць асобныя людзі і нацыі”. Таксама і зносіны пры дапамозе электронная пошты, смс, сацыяльных сетак павінны быць шчырымі, і гэта вызначаюць не тэхналогіі, а сэрца чалавека, падкрэсліў Пантыфік у сваім пасланні. Камунікацыі ў сваім развіцці, заключыў ён, з’яўляюцца Божым дарам, аднак, патрабуюць ад чалавецтва вялікай адказнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.