2016-05-08 13:53:00

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі з візітам у Нігерыі


8 мая 2016 г. завяршаецца двухдзённы візіт у Нігерыю старшыні Папскай рады па справах сям’і, арцыбіскупа Вінчэнца Пальі. Па запрашэнні біскупаў афрыканскай краіны ён сустрэўся з групамі і асацыяцыямі сем’яў і правёў прэзентацыю паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі папы Францішка „Amoris laetitia”.

На пытанне Ватыканскага радыё аб пасланні гэтага дакументу ў кантэксце цяжкай сітуацыі ў краіне, іерарх сказаў: “Несумненна, Нігерыя перажывае цяжкія часы. Мясцовы Касцёл адчуў на сабе напады групы “Бока Харам”. У апошнім з іх пацярпеў кардынал Анаекан. І менавіта з-за гэтай сітуацыі пасланне дакументу „Amoris laetitia” можа дапамагчы больш глыбокаму перажыванню Евангелля і прыхільнасці Касцёла на карысць сем’яў”.

Па словах старшыні Папскай рады, новы дакумент Пантыфіка “патрабуе не толькі аднаўлення душпастырства сям’і, але значна больш, а менавіта змены адносін, ці, дакладней, формы Касцёла, каб ён быў Касцёлам сямейным, які суправаджае кожную сям’ю, разумее і падтрымлівае яе”.
 
Іерарх нагадаў, што адгартацыя заклікае ўсе мясцовыя Касцёлы правесці рахунак сумлення і абнавіць матывацыю. “Гэта датычыць таксама афрыканскага Касцёла, які часта казаў пра Касцёл як пра Божую сям’ю. Тут існуе важны станоўчы аспект: у Афрыцы, у адрозненне ад еўрапейскай і заходняй культуры, “мы” мацнейшае за “я”. Культура супольнасці тут мацней за індывідуалістычную, як гэта адбываецца на Захадзе”, - сказаў арцыбіскуп Палья.








All the contents on this site are copyrighted ©.