2016-05-07 13:57:00

Францішак прыняў Прэзідэнта Швейцарыі


7 мая 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Ёхана Шнайдэра-Амана, Прэзідэнта Швейцарыі. Палітык затым сустрэўся з сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Галахерам. 

Сардэчныя перамовы сталі нагодай, каб адзначыць існаванне добрых адносін паміж Святым Пасадам і Швейцарыяй, а таксама выказаць удзячнасць за вернае і прафесійнае служэнне корпуса Папскай швейцарскай гвардыі. Быў высока ацэнены станоўчы уклад Касцёла ў розныя сферы жыцця швейцарскага грамадства, у атмасферы спакойнага супрацоўніцтва. Звярталася ўвага на пытанне прафесійнай падрыхтоўкі моладзі, якая грае значную ролю ў іх уваходзе ў сферу працы.

Падчас ватыканскай сустрэчы абмяркоўвалася тэма міграцыі і палітыкі гасціннасці і інтэграцыі ў актуальным еўрапейскім кантэксце. Гаворка ішла таксама пра канфлікты на Блізкім Усходзе і сітуацыю паўночнаафрыканскіх краін. Падкрэслівалася патрэба ва ўмацаванні намаганняў на карысць бяспекі і міру. 








All the contents on this site are copyrighted ©.