2016-05-07 14:38:00

Святы Айцец: Касцёл – не "супер-клініка для VIP"


Быць выявай Касцёла, які на падабенства маці пахіляецца ў клопаце пра сваіх дзяцей, заклікаў папа Францішак членаў італьянскай няўрадавай арганізацыі “Урачы з Афрыкай ” (Medici con Africa – СUAMM), якая з 1950 г. працуе на карысць паляпшэння сферы аховы здароўя на афрыканскім кантыненце. За апошнія 65 гадоў яна накіравала туды тысячы медыцынскіх работнікаў і валанцёраў.

Францішак заўважыў, што жыхарам афрыканскіх краін адмаўляюць у неад’емным праве на здароўе. Нажаль, там яно з’яўляецца прывелегіяй вузкага кола людзей. “Доступ да медыцынскіх паслуг, аховы здароўя і лекаў яшчэ застаецца міражам. Самыя бедныя не могуць плаціць і пазбаўлены шпітальнага абслугоўвання, нават самага важнага і першасна неабходнага”, - сказаў Папа. Святы Айцец заклікаў членаў арганізацыі заставацца пасярод гэтых людзей, у якіх прысутнічае сам Езус.

Францішак заўважыў, што назва аб’яднання гучыць як “Урачы з Афрыкай”, а не “Урачы для Афрыкі”. “Народы самі з’яўляюцца будаўнікамі свайго развіцця, першымі, хто за яго адказныя!”, - сказаў Папа і заклікаў падтрымліваць іх, падзяляючы іх драмы і радасці, боль і энтузіязм.

Напрыканцы сваёй прамовы Пантыфік заўважыў, што Касцёл гэта не “cупер-клініка для VIP”, але “палявы шпіталь” – Касцёл з вялікім сэрцам, блізкі да мноства параненых і прыніжаных гісторыяй, на службе самым бедным.








All the contents on this site are copyrighted ©.