2016-05-07 12:28:00

Папа сустрэўся з новымі швейцарскімі гвардзейцамі


Святы Айцец даў некаторыя духоўныя парады рэкрутам Папскай швейцарскай гвардыі. 7 мая 2016 г. ён прыняў 23 новых гвардзейцаў з нагоды прысягі, якая прайшла ў Ватыкане дзень таму. У аўдыенцыі прынялі удзел таксама іх блізкія.

“Прыемна бачыць такіх маладых людзей, як вы, якія прысвячаюць некалькі гадоў свайго жыцця Касцёлу, асабліва Наступніку Пятра: гэта выключная магчымасць для росту ў веры, сустрэчы з паўсюднасцю Касцёла і атрымання досведу братэрства”, - сказаў Папа. 

Пантыфік заклікаў гвардзейцаў глядзець на сваю службу, як на місію, ім давераную Панам: выкарыстаць час прабывання ў Рыме – сэрцы хрысціянства – як нагоду для паглыблення сяброўства ў Езусам і імкнення да жыццёвай мэты кожнага хрысціяніна: святасці.

Францішак заўважыў, што магілы апосталаў і сядзіба Біскупа Рыма з’яўляюцца месцамі, дзе сустракаюцца пілігрымы з усяго свету. “Такім чынам вы маеце магчымасць дакрануцца да мацярынства Касцёла, які прымае ў сабе, у сваім адзінстве, адметнасці мноства народаў. Вы можаце сустрэць людзей розных моваў, традыцый і культур, але якія адчуваюць сябе братамі, злучанымі верай у Езуса Хрыста. Будзе карысна пазнаёміцца з іх хрысціянскімі сведчаннямі і, у сваю чаргу, даць ім спакойнае і радаснае евангельскае сведчанне”, - параіў Папа.

Паводле слоў Святога Айца, служба ў Папскай швейцарскай гвардыі, гэта цудоўная магчымасць жыцця ў братэрстве. Ён заклікаў рэкрутаў быць уважлівымі адно да аднаго і аказваць узаемную падтрымку.

Прысяга рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі традыцыйна адбываецца 6 мая. Гэта дата звязана з 1527 г., калі 147 гвардзейцаў коштам уласнага жыцця абаранілі папу Клімента VII падчас асады Рыма войскамі імператара Карла V.








All the contents on this site are copyrighted ©.